Роднае-народнае. І зацвітуць на абрусах касачы

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Беларускі народ шчодра надзелены талентамі і здольнасцямі.

Амаль у кожнай вёсцы знойдзецца чалавек з самабытным захапленнем ці майстар-залатыя рукі, які ад бацькі або дзеда пераняў карыснае рамяство і цяпер сам вырабляе сапраўдныя творы мастацтва са звыклых матэрыялаў.

Сярод нашых землякоў таксама нямала людзей, здольных ствараць прыгажосць. У вёсках Дзятлаўшчыны жывуць дзясяткі жанчын-рукадзельніц сярэбранага ўзросту, якія на працягу жыцця ткалі, шылі, вышывалі, вязалі, нават не ўяўляючы сабе, што іх работы – гэта маленькія народныя шэдэўры, у якія ўкладзена адметная ідэя аўтара, цёплая энергетыка яго рук і нацыянальныя традыцыі.

Сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці прадаўжае свае вандроўкі па Дзятлаўшчыне ў пошуках “роднага-народнага” і адкрывае ўсё новыя імёны.

На гэты раз Ірына Бакшук і Святлана Венская пабывалі ў жыхаркі вёскі Нагорнікі Аляксандры Шапурка. Культурна-пазнавальная экспедыцыя да 89-гадовай майстрыхі выдалася паспяховай. Аляксандра Пятроўна з задавальненнем паказала гасцям свае вышыванкі, расказала, як і ў каго вучылася рукадзеллю.

Ужо з парога госці зразумелі, што тут жыве таленавітая, творчая жанчына: інтэр’ер яе вясковай хаты з густам аздоблены вышыванымі і тканымі рэчамі.

З маленства Аляксандра Пятроўна вучылася карыснаму майстэрству – раней гэта было звычайным, нават можна сказаць абавязковым заняткам беларускіх жанчын. Дзяўчынкі пераймалі ўменні ў сваіх матуляў і бабуляў, вучыліся ў іншых вясковых майстрых, бо ў тыя часы бытавала традыцыя збірацца за рукадзеллем разам. Звычайна рабілі гэта сельскія кабеты зімовымі вечарамі, калі не трэба было працаваць у полі.

Атрыманыя з маладых гадоў навыкі Аляксандра Шапурка адточвала, ужо калі выйшла замуж. Разам са свякроўю ткалі радзюжкі, вышывалі ручнікі, кручком вязалі розныя рэчы.

За многія гады дома ў майстрыхі сабралася шмат рукатворнай прыгажосці. Сярод іншых работ вылучаецца вышытая крыжыкам карціна “Ноч перад Ражством”, дзе з мастацкім густам падабраны кожны колер, кожнае адценне нітак. Жанчыне ўдалося перадаць пачуццё перспектывы, прастору зімовага краявіда, гульню света і цені, нават лёгкую месяцовую дарожку на снезе. Нягледзячы на тое, што на карціне вышыта звычайная сялянская хата, ад яе вее цяплом, утульнасцю, ствараецца пачуццё зімовай казкі.

Не адвесці вачэй і ад вязанага кручком белага абруса з дробных матываў. Ён, нібы тонкі марозны ўзор на шкле, прываблівае філіграннасцю карункаў.

Уменне адчуваць колеры і іх пераходы, перадаваць аб’ём і адценні дапамаглі Аляксандры Пятроўне і пры стварэнні абрусаў і ручнікоў з кветкавымі матывамі. Асабліва натуральна на іх выглядаюць касачы, здаецца, што яны літаральна нядаўна расцвілі і радуюць вока сваёю свежасцю. На шматлікіх ручніках-вышыванках, як на летнім лузе, стракацеюць макі, васількі, рамонкі, незабудкі, ёсць на іх і велічныя ружы. Гледзячы на гэтыя рукатворныя шэдэўры побытавага майстэрства, можна адзначыць, што Аляксандры Шапурка больш даспадобы яркія, сакавітыя колеры. Гэту выснову пацвярджаюць і даматканыя пакрывалы. У наш час рэдка сустрэнеш такую багатую калекцыю рукадзелля, як у Аляксандры Пятроўны, застаецца толькі дзівіцца яе фантазіі і ўседлівасці, уважлівасці і акуратнасці пры стварэнні работ.

На пытанне, дзе жанчына брала ніткі для свайго карыснага захаплення, Аляксандра Шапурка адказала, што сям’я доўгі час трымала авечак. Стрыглі воўну, мылі яе і вычэсвалі, сукалі ніткі, фарбавалі іх у самыя розныя колеры, таму і было з чаго ткаць.

Вось так проста, мудра, памяркоўна жылі нашы продкі, стараючыся рабіць свет вакол сябе больш прыгожым. Вельмі хочацца, каб і надалей не згубілася вясковае побытавае майстэрства, каб яно, як нітачка ў руках умелай майстрыхі, злучала пакаленні, уплятала іх у складаны ўзор пад назвай “нацыянальная культура, ідэнтычнасць і самабытнасць”.

На развітанне Ірына Бакшук і Святлана Венская пажадалі Аляксандры Шапурка моцнага здароўя, бадзёрасці духу і доўгіх гадоў жыцця, сагрэтых пяшчотай блізкіх людзей.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga