Педагогам – аб важным

Грамадства Свежыя навіны

На базе гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшоў міжведамасны семінар для сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў, педагагічных работнікаў установаў дашкольнай, спецыяльнай, агульнай сярэдняй адукацыі.

Абмеркавалі актуальную тэму “Выяўленне і прафілактыка гвалту сярод навучэнцаў, выхаванцаў. Комплекс мер, скіраваных на аказанне дапамогі сям’і”. Педагогі ўдасканалілі свае веды ў частцы дзейнасці ўстановаў адукацыі па своечасовым выяўленні і прафілактыцы выпадкаў гвалту ў дачыненні да непаўналетніх, аказанні медыка-псіхалагічнай, сацыяльна-прававой дапамогі, забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту, у тым ліку сексуальнага.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Алена Чайкоўская акцэнтавала ўвагу на важнасці тэмы, паколькі адной з галоўных мэтаў установаў адукацыі з’яўляецца абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Яна акрэсліла асноўныя праблемы і шляхі ўдасканалення работы па выяўленні і папярэджанні гвалту ў дачыненні да непаўналетніх.

У ходзе семінара акушэр-гінеколаг Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Данільчык звярнула ўвагу педагогаў на палавое выхаванне дзяцей і падлеткаў і прафілактычныя меры па прадухіленні сексуальнага гвалту ў адносінах да іх.

Аб сістэме індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў і мерах прэвентыўнага ўздзеяння на грамадзян, якія ўчыняюць хатні гвалт, расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч.

Псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Алена Макоўская падрабязна спынілася на асаблівасцях работы з ахвярамі хатняга гвалту і выкарыстанні для дапамогі ў цяжкай сітуацыі крызіснага пакоя.

Напрыканцы семінара дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярына Ляўкевіч прадставіла інфармацыйныя матэрыялы: дапаможнікі, кнігі, відэаролікі па тэме, якія можна выкарыстоўваць педагогам пры арганізацыі мерапрыемстваў па прафілактыцы сексуальнага гвалту над непаўналетнімі.

Іна НІЧЫПАРОВІЧ,
сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga