Патрыятычная акцыя. Помнім, шануем, захоўваем традыцыі

Важнае Грамадства

Працоўны дэсант на гарадскіх могілках у Дзятлаве ў рамках акцыі “Захаваем памяць на стагоддзі” арганізавалі валанцёры ГА “БРСМ” з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, дырэктар гэтай установы, яна ж актывіст раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Марына Нячай, і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Патрыятычная акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Захаваем памяць на стагоддзі” скіравана на захаванне памяці аб гераічным мінулым беларускага народа і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, якое рэальнымі працоўнымі справамі па навядзенні парадку на пахаваннях, брацкіх магілах, помніках, абелісках, мемарыялах у памяць аб абаронцах Радзімы і ахвярах Вялікай Айчыннай вайны даказвае, што дастойна подзвігаў дзядоў і прадзедаў.

– У карысную справу мы ўключыліся напярэдадні Дня Перамогі. Знакавы для Беларусі і 2024 год, калі наша краіна святкуе 80-гадовы юбілей вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – расказала моладзевы лідар раёна Кацярына Хілімончык. – Безумоўна, за добраўпарадкаваннем мемарыялаў і воінскіх пахаванняў мы сочым на працягу ўсяго года, аднак заўсёды знойдуцца месцы, якія патрабуюць большых намаганняў, дзе трэба прыкласці рукі. Вось і на гэты раз арганізавалі працоўны дэсант на гарадскія могілкі, прыбралі тут, пафарбавалі, пачысцілі. Мяркую, што мы, як пакаленне, чые дзяды і прадзеды вызвалялі Беларусь ад ворага, павінны паважаць і шанаваць іх подзвігі, аддаваць даніну памяці сваёй мірнай стваральнай працай.

Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: