Не знішчайце першацветы

Важнае Грамадства

Першацветы – вельмі прыгожыя, але ўразлівыя расліны, таму многія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, збор іх забаронены.

У Дзятлаўскім раёне таксама растуць такія расліны: чарамша, арніка горная, любка зеленакветкавая, некера пёрыстая, прастрэл раскрыты, фамітопсіс ружовы, шаўкоўнік Каўфмана і іншыя.

Штогадовы масавы збор першацветаў у сакавіку-красавіку можа быць прычынай іх знікнення ў прыродзе. Асноўныя працэсы, якія забяспечваюць іх выжыванне, працякаюць пад зямлёй: у каранях, клубнях і цыбулінах. За невялікі час раслінам патрабуецца назапасіць пажыўныя рэчывы, неабходныя для наступнага года, паспявання і рассейвання насення. Зрываючы кветкі, мы не даём расліне сфарміраваць насенне для новых пакаленняў. Акрамя таго, яна слабее і можа загінуць.

Рэдкія расліны знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы: за збор чырванакніжных відаў у Рэспубліцы Беларусь прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф у памеры ад 20 да 30 базавых велічыняў.

За парушэнне іншых патрабаванняў па ахове дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу, або месцаў іх пражывання і росту –

штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў.

Дзмітрый БАЛЬКОЎСКІ,
начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga