У Гродне і Лідзе прайшоў двухдзённы абласны этап Рэспубліканскага турніру па робататэхніцы.
У спабоніцтвах у Лідскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці паспяхова выступілі дзятлаўчане.
Дыплом І ступені ў намінацыі “Следаванне па лініі: юніёры, адукацыйныя канструктары” заваявалі навучэнцы Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ілья Бекман і Аляксандр Жукоўскі з гуртка “Кібертэрыторыя”, які працуе на базе Дварэцкай сярэдняй школы, кіраўніком якога з’яўляецца Віталь Халюкоў. Цяпер каманда рыхтуе свайго робата пад назвай “Дварэцкі жук” да рэспубліканскага этапу спаборніцтваў, якія пройдуць 27-28 красавіка ў Жлобіне.
Віталь Халюкоў расказаў, у чым сакрэт абласной перамогі:
– Усяго гурток “Кібертэрыторыя” наведваюць 11 навучэнцаў 7-9-х класаў Дварэцкай сярэдняй школы, адна з іх – дзяўчынка. Займаюцца дзеці з вялікай цікавасцю. Звычайна працуем у парах: двое навучэнцаў за камп’ютарам, яшчэ двое – за канструктарам. Так прасцей, і праекты ў зладжанай каманды атрымліваюцца больш цікавымі. “Робата-жука” таксама майстравалі не толькі Ілья Бекман і Аляксандр Жукоўскі, аднак яны былі найбольш актыўныя.
Удасканальвалі свайго робата мы доўга, шмат разоў мянялі для яго трасу, каб рух станавіўся больш дынамічны і дакладны. Сабраны “жук” з двух набораў канструктара, бо спатрэбіліся па два маторы і датчыкі.
Паездка на спаборніцтвы спадабалася: гонкі любяць усе. Безумоўна, там былі і іншыя намінацыі, аднак пакуль мы мяркуем развівацца ў гэтым кірунку. Прыемна, што наш раён, нягледзячы на вялікую канкурэнцыю, паказаў сябе з лепшага боку. Бачу, што ў дзяцей ёсць патэнцыял, таму заняткі па робататэхніцы прадоўжым. На жаль, літаратуры і крыніц інфармацыі не так шмат, веды пераважна чэрпаем з інтэрнэту, пэўны вопыт атрымалі і ад удзелу ў конкурсе.
Уражаннямі ад абласнога турніру падзяліліся Ілья Бекман і Аляксандр Жукоўскі:
– У гуртку займаемся другі год. Атрыманых ведаў хапіла, каб паўдзельнічаць у сёлетнім конкурсе. Гэта было хвалююча, але цікава. Вельмі рады, што сталі пераможцамі. Свайго робата назвалі “Дварэцкі жук” з-за знешняга выгляду. На своеасаблівых “рожках” у яго вынесены наперад два датчыкі, якія сканіруюць трасу і падаюць сігналы на колы, а яны ў сваю чаргу прымаюць неабходны кірунак. Такая канструкцыя і код дазваляюць робату трымаць баланс і дадаваць хуткасці руху. Тэсціравалі і дапрацоўвалі яго шмат разоў. Будзем удасканальваць і напярэдадні рэспубліканскага этапу. Спадзяёмся, што выступім паспяхова.
Як атрымалася заняцца зборкай робатаў, расказала загадчыца аддзялення дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раённага ЦДАДіМ Анжэла Грыб:
– Сваю педагагагічную дзейнасць у нашай установе Віталь Халюкоў пачаў яшчэ ў 2015 годзе з рэалізацыі праграмы гуртка “Камп’ютарная анімацыя”. А калі аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама для развіцця ў раёне новых кірункаў тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі закупіў для Цэнтра шэсць набораў легаканструктара, Віталій Уладзіміравіч даў сваю згоду на работу ў гуртку робататэхнікі і кіберспорту. Варта адзначыць, што справа гэта была не з лёгкіх, асабліва на першых этапах, паколькі педагогу давялося спачатку самому асвоіць зборку і праграмаванне. Затое развівацца і трэніравацца ў робататэхніцы можна амаль бясконца, гэта практычна творчы працэс.
Старанні не былі дарэмнымі: у абласным этапе турніру ўдзельнічалі сапраўдныя “зубры” робататэхнікі – каманды, якія даўно спецыялізуюцца ў гэтым напрамку – Лідскі і Гродзенскі цэнтры тэхнічнай творчасці, аднак менавіта нашаму раёну пашанцавала стаць лідарам намінацыі.
Таксама Анжэла Грыб адзначыла, што ўвогуле развіццё тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, якому сёння надаецца асаблівая ўвага на абласным і рэспубліканскім узроўнях, было б немагчымым без падтрымкі з боку раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі. Менавіта з іх дапамогай для Цэнтра былі закуплены камп’ютары новага пакалення для заняткаў гурткоў камп’ютарнай графікі, легаканструктары для робататэхнікі. Да таго ж, з дапамогай аддзела адукацыі і кіраўніцтва Дварэцкай школы ўдаецца вырашаць пытанні з прадастаўленнем пляцоўкі для заняткаў у гуртку кіберспорту. У планах на наступны навучальны год адкрыццё яшчэ адной групы гуртка ў Дзятлаве на базе ЦДАДіМ.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga