У Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прайшоў другі паўфінал прававой алімпіяды “Феміда-2024” да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У ліку дзевяці мацнейшых каманд краіны змагаліся дзятлаўчане – каманда “Следства вялі” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Гэта былі навучэнцы 10-11 класаў прававой скіраванасці: капітан Яраслаў Мудры, удзельнікі Анастасія Шавель, Ксенія Калодзіч, Анастасія Маскаль, Станіслаў Якаўчык, Вераніка Радзіеўская і запасныя ігракі Ігар Каспяровіч і Паліна Ламака.
Да выступлення ў паўфінале маладых дзятлаўчан рыхтавалі педагогі Аляксандр Ляўковіч, Аксана Якаўчык, Таццяна Манчук.
Канкурсанты паспяхова прайшлі ўсе іспыты: візітоўку “Вось мы якія!”, конкурс “Размінка капітанаў”, “Тэст па грамадазнаўстве”, “Слова аратару”, вуснае апытанне на веданне кінастужак розных гадоў аб міліцыі і Вялікай Айчыннай вайне, а таксама дамашняе заданне – інсцэніроўку адной з баек Івана Крылова і Сяргея Міхалкова.
На працягу ўсёй алімпіяды паміж камандамі ішла напружаная барацьба. Лепшымі сярод іншых у выпрабаваннях “Размінка капітанаў” і Слова аратару” былі прызнаны дзятлаўчане. Па выніках чатырох конкурсаў нашы навучэнцы ўпэўнена “ішлі трэцімі”, аднак у самы апошні момант недабралі да прызавога месца літаральна аднаго і некалькіх дзясятых бала.
– Першае месца ў алімпіядзе заняла каманда “Альянс” сярэдняй школы № 116 горада Мінска, – расказаў капітан Яраслаў Мудры. – На другой пазіцыі замацавалася каманда “Выбар” спецыялізаванага ліцэя МУС, на трэцяй – “Proetcontra” Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча. Мы літаральна крыху саступілі сталічным канкурсантам са спецыялізаваных установаў, таму з упэўненасцю можна сказаць, што ўсю гульню “наступалі на пяты” пераможцам. Сумленна кажучы, зусім не сорамна прайграваць такім моцным установам, як ліцэй МУС або абласное кадэцкае вучылішча. Вучыцца ў мацнейшых – доля разумных.
Аксана ЯКАЎЧЫК,
педагог сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga