“Мы живы” – новая канцэртная праграма Аляксандра Саладухі

Важнае Культура і адпачынак

16 красавіка ў 18 гадзін у раённым Цэнтры культуры горада Дзятлава адбудзецца прэзентацыя 14-га сольнага альбома заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладухі “Мы живы”.

У інтэрв’ю газеце “Перамога” артыст расказаў пра новы рэліз і сюрпрызы, якія чакаюць дзятлаўчан на канцэрце:

– Альбом напісаны па аднайменнай кампазіцыі “Мы живы”, надзвычай актуальнай для беларускага народа, яе ведаюць і любяць ва ўсіх гарадах Беларусі. У аснове песні – верш журналісткі жлобінскай газеты “Новы дзень” Юліі Андросавай, музыку напісаў мой самы блізкі сябар, чалавек, з якім мы ўжо больш за 35 гадоў разам, папулярны беларускі кампазітар Алег Елісеенкаў. Пласцінка запісвалася два гады, у яе ўвайшлі 12 кампазіцый. Большасць з іх прагучыць у першым аддзяленні святочнага канцэрта, у другім – правераныя часам залатыя хіты, а таксама дзве песні-прэм’еры, яны ўвойдуць у 15-ы альбом, падрыхтоўка якога ўжо ідзе. У перапынку паміж аддзяленнямі выступіць малады аўтар і выканаўца Цімур Прахін. Мае сыны-двайняты Аляксандр і Антон таксама ў гэтым туры будуць са мной у якасці вадзіцеля-ахоўніка і гукарэжысёра. Як звычайна, пасля канцэрта ў фае Цэнтра культуры будзе арганізаваны продаж прадукцыі, фота- і аўтографсесія.

– Як праходзіць ваш гастрольны тур?

– У яго мы адправіліся з 1 лютага мінулага года, плануецца выступленне ў 120 гарадах Беларусі. За плячыма ўжо больш за 70 канцэртных залаў, усюды аншлагі, у некаторых бывала і па два канцэрты на дзень. Выступленні распісаны да канца чэрвеня. Колькі разоў я пабываў у кожным са 120 гарадоў Беларусі за 37 гадоў сваёй творчай дзейнасці, я ўжо збіўся з ліку. Ёсць гарады, у якіх з сольнікамі быў 15 разоў.

– Перад гастролямі кожная знакамітасць прадстаўляе арганізатарам райдэр. Раскажыце, што ўключана ў ваш?

– Мае запыты зусім простыя: грымёрка, якая зачыняецца на ключ, каб у ёй было цёпла, чыста, утульна, каб быў стол і крэслы, дзве стойкі з вешалкамі, люстэрка ва ўвесь рост – усё! Калі арганізатары лічаць патрэбным паставіць нешта звыш гэтага (напрыклад, чай), скажу дзякуй. Што тычыцца ежы, мая жонка Наташа заўсёды збірае яе з сабой, яна проста шыкоўна гатуе.

– Аляксандр, які самы арыгінальны падарунак ад прыхільнікаў вы атрымлівалі?

– Іх было вельмі шмат, і ўсе розныя, арыгінальныя. Адзін з самых цікавых мне падарылі два гады таму, у горадзе Круглае Магілёўскай вобласці. Пасля канцэрта адна з супрацоўніц гасцініцы, у якой мы начавалі, папрасіла прыехаць за горад у яе прыватны дом, дзе падарыла жывое парася, якое я прывёз дадому жонцы і дачушцы. Жывёліна пажыла ў нас дзён 10 у двары, потым мы аддалі яе суседзям, а тыя – у калгас. Але гэта гісторыя з працягам. Сёлета ў мяне быў сольнік у Бялынічах, і на сцэну выйшла тая самая жанчына з трохлітровым слоікам сала са словамі: “Прывітанне вам з Круглага”.

– Кожны год вы здзіўляеце гледачоў цікавымі сцэнічнымі касцюмамі. У вас ёсць стыліст?

– Так, цяпер супрацоўнічаю з выдатным краўцом, майстрам сваёй справы Эдгарам Калядой, які мае прыватнае атэлье. Ён мне ўжо пашыў сем шыкоўных касцюмаў, некаторыя з іх прадэманструю на канцэрце.

– Акрамя гастрольнага тура, чым цяпер жыве Аляксандр Саладуха?

– Другі раз запар быў у саставе журы праекта “Фактар.by 60+”, гэта па-сапраўднаму душэўнае сямейнае шоу. Нядаўна зняўся на тэлеканале “Беларусь 1” у арыгінальным ток-шоу “100 пытанняў даросламу”. У студыі навучэнцы 9-11 класаў задаюць смелыя і вострыя пытанні вядомым людзям нашай краіны. За лепшае пытанне ўручыў падарунак – свой альбом “Мы живы”. Нядаўна ўдзельнічаў у здымках тэлеперадачы “Народны повар” на АНТ, у эфіры тэлеперадачы “Што? Дзе? Калі?”, канцэрце групы “Аура”. Увесь час знаходжуся ў руху, прымаю запрашэнні. Так 6 ліпеня буду выступаць на канцэрце ў Александрыі. Мне вельмі імпануе, што нядаўна я быў запрошаны Міністэрствам культуры ўдзельнічаць ва Усебеларускім народным сходзе, гэта будзе новы для мяне карысны вопыт.

– Чаго чакаеце ад сустрэчы з дзятлаўскай публікай?

– Ведаю, што, як і заўсёды, будзе цёплы прыём, крыкі “Брава! Біс!”,  шчырыя эмоцыі і шмат добрых песень, якія мы праспяваем разам з залай. Да сустрэчы на канцэрце!

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлена Аляксандрам Саладухам

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga