ГрадусПлюс. “Сіліконавая” даліна

Важнае Грамадства

Размова пойдзе не пра Беларускі тэхнапарк, хоць IT-тэхналогіі ў нашай краіне развіваюцца імклівымі тэмпамі.

Звернемся да набалелай і невычэрпнай тэмы парадку на зямлі.

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца месячнік па санітарнай ачыстцы, уборцы, азеляненні горада і населеных пунктаў раёна, набірае тэмпы пасяўная кампанія, а ў многіх гаспадарках раёна палі і тэрыторыі пры фермах “усеяны” не толькі зерневымі культурамі, але і выкарыстанай поліэтыленавай плёнкай.

Са шкодніцтвам і безгаспадарлівасцю пастаянна змагаецца райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праводзяць маніторынгі, фіксуюць факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, выдаюць прадпісанні: толькі за гэты год колькасць “поліэтыленавых” прадпісанняў у адносінах да 12 юрыдычных асобаў нашага раёна дасягнула 40. А калі такія метады не дапамагаюць, парушальнікаў караюць рублём. Так, самы вялікі штраф у 2024 годзе склаў 2000 рублёў, сельгасарганізацыя атрымала яго за паўторнае парушэнне правілаў абыходжання з другаснай сыравінай, яшчэ некалькім прадпрыемствам дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці прад’яўлены прэтэнзіі на сумы да 200 рублёў. Усім парушальнікам былі выдадзены падрабязныя рэкамендацыі з канкрэтнымі мерамі вырашэння сітуацыі.

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі тлумачыць, што поліэтылен шкодны не толькі для прыроды, але і саміх сельгаспрадпрыемстваў:

– Праблема актуальная як для нашага, так і іншых раёнаў, дзе ёсць сельскагаспадарчыя арганізацыі. Пры нарыхтоўцы кармоў адным з папулярных відаў упакоўкі рулонаў з’яўляецца плёнка. Пасля распакоўкі яна часта не ўтылізуецца, а разносіцца па зямлі, раскладваецца, забруджваючы навакольнае асяроддзе. Такая ж сітуацыя з поліэтыленам, якім накрываюць сянажныя ямы. Корм жывёле забіраюць – адходы пакідаюць бескантрольна ляжаць.

Дзмітрый Георгіевіч узгадаў, што плёнка, якая застаецца на палях, нярэдка трапляе ў механізмы сельгастэхнікі ў час унясення арганічных угнаенняў, пашкоджвае дэталі механізмаў. Самы просты выхад – абсталяваць спецыяльныя ёмістасці для захоўвання другасных адходаў і своечасова іх утылізаваць.

Узнікае заканамернае пытанне: куды ж падзець увесь гэты поліэтылен? За трыдзевяць зямель не навозішся. Як аказалася, не трэба нікуды вазіць. Прадстаўнікі “Завода палімерных тэхналогій”, які працуе на Дзятлаўшчыне, усё забяруць, толькі паведаміце. Але нешта няма чаргі жадаючых паспрыяць прадпрыемству, экалогіі і сабе…

– За мінулы месяц мы нарыхтавалі каля 10 тон поліэтылену ад трох сельгаспрадпрыемстваў раёна – КСУП “Жукоўшчына”, ТАА “РоданАгра” і “РоданАграПол”, – прыводзіць лічбы менеджар прадпрыемства Аляксандр Адамчык. – Запрашаем астатнія сельгаспрадпрыемствы раёна да актыўнага супрацоўніцтва. Каб здаць другасную сыравіну, дастаткова сабраць яе ў даступным для пад’езду тэхнікі месцы і пакінуць у нас заяўку. Для хуткай і зручнай пагрузкі маем у транспартным парку грузавы аўтамабіль з маніпулятарам.

Як аказалася, праблем і перашкодаў няма для тых, каму не ўсё роўна. З аднаго боку – парадак на зямлі без нараканняў, з другога – шкода экалогіі, сабе і як вынік — унушальныя штрафы. А вы на якім баку?

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя