ГрадусПлюс. Крык душы

Важнае Грамадства

Вясна ўсё больш уступае ў свае правы, быццам паказваючы людзям, што надыходзіць час радасці і хараства.

Невыпадкова менавіта цяпер у раёне праходзіць месячнік па санітарнай ачыстцы, уборцы, азеляненні горада і населеных пунктаў.

І калі ў горадзе і буйных населеных пунктах Дзятлаўшчыны сітуацыя пільна і рознабакова кантралюецца, то ў некаторых вёсках яшчэ ёсць над чым працаваць. Нераўнадушныя чытачы газеты “Перамога” праз чат-бот даслалі ў рэдакцыю фотаздымкі таго, што адбываецца ў межах аднаго з населеных пунктаў раёна. Фота не патрабуюць дадатковых каментарыяў, глядзім і ўражваемся.

Ад сябе толькі хочацца дадаць, што як за навядзенне парадку на зямлі, так і наадварот адказныя найперш самі жыхары раёна.

Перастаньце выкідваць пластыкавыя бутэлькі і тэлевізары ў непрызначаных для гэтага месцах, некалькі разоў на год арганізуйце самадзейны суботнік і, як у песні, “заўтра будзе лепш, чым учора”.

Сітуацыю пракаменціраваў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі:

– За выкананне схемы па абыходжанні з камунальнымі адходамі і парадак на тэрыторыі вёсак і прылеглых участкаў, размешчаных на землях сельскага савета,  адказвае найперш кіраўніцтва сельвыканкама, а таксама самі землекарыстальнікі, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. Калі, напрыклад, нейкі несумленны таварыш выкінуў смецце, адшукваюцца доказы яго шкодніцкіх дзеянняў, і такая асоба караецца па законе. За выкідванне смецця, акрамя адміністрацыйнай адказнасці (штрафы да 30 базавых велічыняў для фізічных асобаў, да 100 – для прадпрымальнікаў , да 1000 – для юрыдычных асобаў), разлічваецца шкода, нанесеная прыродзе, сума спагнання залежыць ад аб’ёму выкінутага смецця. Калі парушальнік не высветлены, адказнасць за навядзенне парадку нясе кіраўніцтва сельвыканкама або сельгасарганізацыі, якой належыць зямля. У сваю чаргу, мясцовыя ўлады маюць паўнамоцтвы выдаваць фізічным асобам прадпісанні па навядзенні парадку.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga