“Цвіці, мой край!”: яшчэ больш кветак, зеляніны, прыгажосці

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне 20 лютага стартаваў раённы агляд-конкурс “Цвіці, мой край!” на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый установаў адукацыі.

Больш падрабязна пра яго правядзенне і ўмовы расказала метадыст Дзятлаўскага раённага метадычнага кабінета Кацярына Дуброўская.

– Праз рэалізацыю праектаў па азеляненні і добраўпарадкаванні мы імкнёмся прывіць навучэнцам установаў адукацыі экалагічную культуру, патрыятызм і любоў да роднага куточка, экалагічную свядомасць, а прыгожыя кветкавыя і ландшафтныя кампазіцыі зробяць нашы школы, цэнтры і дзіцячыя сады яшчэ больш прывабнымі, будуць радаваць жыхароў і гасцей раёна.

– Конкурс стартаваў у лютым, аднак прыступіць да азелянення можна толькі цяпер?

– Так, ён разлічаны на некалькі этапаў. Першы (праходзіў у лютым-сакавіку) – гэта стварэнне праекта па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі ўстановы адукацыі. На другім этапе, з 25 сакавіка па 2 красавіка, адбылася абарона праектаў. І менавіта трэці, практычны этап, будзе прысвечаны іх рэалізацыі. Да 6 жніўня педагогі і навучэнцы пастараюцца ўвасобіць у жыццё свае задумкі. Напрыканцы камісія, якая будзе ацэньваць гатоўнасць установаў адукацыі да новага навучальнага года, заадно зможа падвесці вынікі раённага конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый.

– Ці актыўна ўключыліся ў праект педагагічныя калектывы і навучэнцы?

– У конкурсе “Цвіці, мой край!” прымаюць удзел 12 школ, 6 дашкольных установаў, сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава і Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

– Што ацэньваецца, на чым акцэнтуецца ўвага?

– Праекты скіраваны на азеляненне і добраўпарадкаванне ўсёй тэрыторыі ўстановаў адукацыі, стварэнне зонаў пастаяннага цвіцення, уласнага адметнага “вобразу” і іміджу ўстановаў.

Пры ацэнцы будзе ўлічвацца наяўнасць новых цікавых аб’ектаў: клумбы, кветнікі, іх арыгінальнасць, форма і памер, кампазіцыйнае рашэнне, эстэтыка афармлення. Звернем увагу і на выкарыстанне сучасных элементаў ландшафтнага дызайну і малых архітэктурных формаў, разнастайнасць элементаў кветкава-дэкаратыўнага афармлення, багацце дэкаратыўных культур, стан газонаў. Не застанецца па-за ўвагай утрыманне на высокім эстэтычным узроўні пешаходных дарожак і дэкаратыўных агароджаў, творчы падыход у афармленні кветнікаў і, безумоўна, адпаведнасць усёй гэтай прыгажосці патрабаванням санітарных нормаў і правілаў для ўстановаў адукацыі.

– Калі будуць падведзены вынікі і вызначаны пераможцы?

– Варта ўзгадаць яшчэ пра адну важную падзею: у рамках раённага агляду-конкурсу “Цвіці, мой край!” 6 красавіка ўстановы адукацыі Дзятлаўшчыны прымуць удзел у рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Разам для зялёнай Беларусі!”. На іх тэрыторыях будуць высаджаны дрэвы і кусты. Тым самым мы зробім свой унёсак у агульную справу па захаванні прыроды роднага краю.

Вынікі конкурсу будуць падведзены ў жніўні, а пераможцаў мяркуем узнагародзіць дыпломамі і каштоўнымі прызамі на пачатку новага навучальнага года.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga