Цёплыя сустрэчы на Дзятлаўшчыне

Галоўнае Грамадства

17 красавіка ў нашай краіне адзначылі дзень ушанавання ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

З гэтай нагоды на Дзятлаўшчыну завіталі члены БГА “Ратаўнік” Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.

Разам з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях госці ўшанавалі памяць воінаў і мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі да абеліска Славы.

У час экскурсіі па новым будынку пажарнай часці ў Дзятлаве ветэраны не толькі ўзгадалі былыя гады службы, але і пазнаёміліся з сучасным абсталяваннем, тэхнікай, якія выкарыстоўваюцца ратаўнікамі сёння.

Ветэраны ахвотна дзяліліся вопытам і давалі наказ маладым работнікам.

Яны пажадалі супрацоўнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях годна служыць Радзіме, быць дысцыплінаванымі, мужнымі і з гонарам несці званне супрацоўніка органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Ратаўнікі ў сваю чаргу падзякавалі ветэранам за іх шматгадовую працу, пажадалі моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

На добры ўспамін госці падарылі дзятлаўчанам ікону Маці Божай “Неапалімая купіна”, заступніцу ўсіх ратаўнікоў.

Удзельнікі сустрэчы падзяліліся цёплымі эмоцыямі.

Аляксандр Пунтус:

– Усе мы – ветэраны пажарнай аховы СССР, да свята нам зрабілі такі выдатны падарунак, як паездка на Дзятлаўшчыну, каб паглядзець не толькі на гэтую прыгожую гасцінную зямлю, але і наведаць новае пажарнае дэпо, якому ўсяго некалькі гадоў. Пазнаёміўшыся з умовамі, у якіх  працуюць сёння работнікі МНС, магу даць толькі станоўчую характарыстыку. Сённяшнія ратаўнікі лепш, цікавей праходзяць сваю працоўную дзейнасць, чым мы некалі. Рады за іх! Вельмі рады, што дзяржава робіць шмат у плане падтрымкі нашай сферы.

Ірына Русак:

– Прыехалі паглядзець новы будынак пажарнага дэпо ў Дзятлаве. Усё спадабалася: прыгожа, прафесійна. Адчуваецца, што сёння робіцца многае, каб хлопцы маглі камфортна несці сваю складаную, часам небяспечную службу. Жадаю сённяшнім юнакам МНС даслужыць да ветэранскіх гадоў, як мы. Галоўнае – сухіх рукавоў і каб іх сем’і заўжды дачакаліся сваіх бацькоў, сыноў дадому жывымі і здаровымі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: