Надвор’е спрыяе аграрыям, і яны выкарыстоўваюць кожны вясновы дзень на максімум.
У КСУП “Войневічы” закончылі сеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры, прыступілі да цукровых буракоў.
– У планах пасеяць культуру на плошчы 260 гектараў, засеяна ўжо 70, – расказвае галоўны аграном КСУП “Войневічы” Іван Палуянцэвіч. – Выкарыстоўваем гібрыднае высокаўраджайнае насенне гатунку “Ксантус”, якое набываем на ААТ “Скідзельскі цукровы завод”. Туды ж рэалізоўваем гатовую прадукцыю.
Па словах Івана Аляксандравіча, сёлета, як і ў мінулым годзе, у гаспадарцы пасеялі па 100 гектараў пшаніцы, ячменю, гароху, зернебабовых і 49 гектараў аўса. Наперадзе – кукуруза, грэчка, лён. На ворыве, культывацыі і сяўбе занятыя 6 энерганасычаных трактароў, 12 адзінак тэхнікі – на ўнясенні арганікі і зборы камянёў, “Раса” – на падкормцы пасеваў.
Сёлетняя пасяўная кампанія 14-я для механізатара Аляксандра Сіўко ў КСУП “Войневічы”. Увесь гэты час за рулём свайго вернага, надзейнага МТЗ-1221, які не падвёў ні разу.
– Сею цукровыя буракі, затым будзе касьба, а там і да жніва дажывём – перасяду на камбайн КЗС-1218, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч.
У сельскай гаспадарцы ён працуе, колькі сябе помніць. Да нялёгкай калгаснай працы, штодзённага графіка па 12 гадзін, абедаў у полі ў кароткіх перапынках мужчына даўно прывык. Каб атрымаць дастойны ўраджай – трэба ўсё зрабіць своечасова.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga