Вырасціць годнага чалавека няпроста, а таму для прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў нашага раёна ў сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава рэгулярна ладзяцца метадычныя аб’яднанні.
Чарговае з іх было прысвечана актуальнай тэме: пытанням выпрацоўкі ў выхаванцаў законапаслухмяных мадэляў паводзінаў, карэкцыі жыццёвай пазіцыі, фарміраванню ў непаўналетніх асабістай адказнасці ў сітуацыях выбару.
Спецыялісты ўстановы прадставілі да ўвагі замяшчальных бацькоў “набор” найбольш частых крызісных сітуацый, з якімі могуць сутыкнуцца падлеткі, патлумачылі, якія метады аказання дапамогі пры іх узнікненні могуць быць выкарыстаны.
Педагог-псіхолаг агучыў псіхолага-педагагічныя характарыстыкі дзяцей з дэвіянтнымі паводзінамі і даў рэкамендацыі па фарміраванні ў іх законапаслухмяных паводзінаў.
Для прафілактыкі далучэння падлеткаў да дэструктыўных інтэрнэт-суполак у час практычнай часткі сустрэчы былі разгледжаны прыёмы кантролю як з боку педагогаў, так і з боку бацькоў. Для большай падтрымкі дарослым былі перададзены буклеты “Кантроль за сацыяльнымі сеткамі дзіцяці: агляд лепшых васьмі дадаткаў”. Разгледжаныя ў іх дадаткі даюць бацькам магчымасць эфектыўна кантраляваць актыўнасць непаўналетніх у сацыяльных сетках, забяспечыць іх бяспеку і абарону ад непажаданага кантэнту.
Сваім шматгадовым вопытам па пытаннях прынцыпаў сямейнага выхавання падзялілася прыёмная маці Людміла Асіпук-Фатон. Яна падкрэсліла, што толькі прытрымліваючыся дакладных правілаў і не парушаючы іх, можна дабіцца станоўчых вынікаў у выхаванні падлеткаў. Людміла Мікалаеўна параіла даваць непаўналетнім свабоду выбару, аднак абмяжоўваць час іх знаходжання па-за сценамі дома і ў сацыяльных сетках.
Напрыканцы пасяджэння яго ўдзельнікі атрымалі прэс-рэлізы “Нацыянальны цэнтр усынаўлення інфармуе”, “Дзіцячая бяспека”, “Прафілактыка курэння, алкагалізму, наркаманіі ў дзяцей, якія перажылі траўму”, “Суіцыд у дзяцей і падлеткаў” з QR-кодамі для хуткага і зручнага пераходу з мабільнага тэлефона на афіцыйны сайт Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення.
Кацярына ГУБКО,
сацыяльны педагог СПЦ горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga