Агратурызм і аферысты

Важнае Спорт і турызм

Якіх толькі аферыстаў сёння не сустрэнеш!

Аматараў падмануць і пажывіцца за чужы кошт развялося столькі, што звычайны чалавек, у якога ёсць мабільны тэлефон і інтэрнэт дома, не паспявае рэагаваць на іх заклікі і прапановы: то ў вас дагавор скончыўся з А1, то на ваша імя ўзялі крэдыт у банку і добры дзядзя, які прадстаўляецца следчым, хоча дапамагчы разабрацца, то трапілі на фэйкавы сайт банка, у якім захоўваюцца вашы грошы. Ды ці толькі гэта?

Зусім нядаўна на Беларусі з’явіліся фэйкавыя аграсядзібы. На іх старонках у сацыяльных сетках прапаноўваюцца разнастайныя паслугі, выкладзены фотаздымкі, нават даецца адрас. Але адна дэталь выклікае вялікую падазронасць: кантакцёры не выходзяць на тэлефонную сувязь, толькі перапіска. Не вельмі дасведчаныя турысты “купляюцца” і на такія прапановы, пераводзяць палову аплаты за суткі, прыязджаюць на месца – і на табе! Ніякай аграсядзібы па прапанаваным адрасе не знаходзяць.

Сказаць, што чалавек расчараваны – гэта не сказаць нічога. І грошай шкада, і часу. Але перш за ўсё падступае крыўда: як гэта я “купіўся” на такі прымітыўны фэйк? Папасціся на нажыўку аферыстаў сёння можа кожны, і, каб гэтага не здарылася, трэба быць уважлівым і сабраць пабольш інфармацыі, перш чым дзейнічаць.

У нашым раёне такіх фэйкавых аграсядзіб не назіралася, і будзем спадзявацца, што ніколі мы з імі не сутыкнёмся. Сёння свае паслугі на Дзятлаўшчыне могуць прапанаваць чатыры аграсядзібы, якія прайшлі перарэгістрацыю: “Каля дуба” (в. Цяцейкі, гаспадар Сяргей Калпінскі; тэл.+375-29-3592716), “Раднік” (в. Кашкалы, гаспадар Юрый Бялятка; +375-29-1880249), “Накрышкі” (в. Накрышкі, гаспадар Іван Ёда; +375-29-9628446), “Домік каля Шчары” (в. Малая Воля, гаспадар Аляксандр Нікіпорчык; +375-29-3602432). У кожнай з іх ёсць свая старонка ў інтэрнэце, на якой можна пазнаёміцца з паслугамі і коштам адпачынку. Прыязджайце і адпачывайце на нашых аграсядзібах – не пашкадуецце! І будзьце пільнымі – гэта не пашкодзіць!

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga