Адзіны дзень інфармавання. Гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

Важнае Падзеі Улада

18 красавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. З калектывам Круцілавіцкай сярэдняй школы сустрэлася група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

Абмеркавалі важныя для нашай краіны і грамадства пытанні, сярод якіх – Усебеларускі народны сход, як гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту. Узгадалі, што УНС быў створаны у 1996 годзе па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. УНС прадаставіў грамадзянам магчымасць непасрэднага абмеркавання і прыняцця рашэнняў. Яшчэ больш яго роля ўзрасла на сучасным этапе, калі для беларусаў барацьба за захаванне ўласнай дзяржаўнасці ва ўмовах глабальнага геапалітычнага супрацьстаяння і знешняга ціску набыла лёсавызначальны характар. Пасля ўступлення ў сілу 15 сакавіка 2022 года змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і прыняцця Закона “Аб Усебеларускім народным сходзе” статус УНС значна змяніўся. Усебеларускі народны сход стаў вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, вызначана пастаянная максімальная колькасць яго дэлегатаў і паўнамоцтвы. Сход можа адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў, што супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, прымае рашэнні аб зацвярджэнні асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы ён надзелены правам прапаноўваць змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю. Правазаканадаўчая ініцыятыва рэалізуецца УНС па сродках унясення ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праектаў законаў. Разам з тым Усебеларускі народны сход не замяняе парламент, бо яны разыходзяцца па прававым статусе. Сход мае права разглядаць пытанне па імпічменце, аб легітымнасці выбараў, зацвярджае Ваенную дактрыну, Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, можа прыняць рашэнне аб магчымасці накіравання міратворчых місій за межы Беларусі. Ён выбірае старшыняў, намеснікаў старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Рэспублікі Беларусь, старшыню і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, змяшчае іх з пасадаў па прычынах, прадугледжаных заканадаўствам, зацвярджае састаў народных засядацеляў Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.

Усебеларускі народны сход дае абавязковыя для выканання даручэнні дзяржаўным органам і службовым асобам.

Такім чынам, у палітычнай сістэме нашай краіны створаны дадатковы механізм “страхоўкі”, які ў крытычных сітуацыях будзе выступаць у ролі “арбітра” і выключыць магчымасць паралізавання сістэмы дзяржаўнага кіравання.

Дэлегаты VII Усебеларускага народнага сходу ўжо вядомыя. Гэта патрыёты Радзімы, якія не баяцца выказваць сваё меркаванне і адстойваць пазіцыю ў вырашэнні пытанняў на карысць людзей.

Як адзначыў Аляксандр Бараноўскі, дэлегатамі ад Дзятлаўскага раёна сталі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Новаяльнянскай сярэдняй школы Таццяна Умоўская. Пасяджэнне прызначана на 24-25 красавіка. Дэлегаты выберуць старшыню УНС, яго намеснікаў, членаў Прэзідыума. У беларускім грамадстве адчуваецца запыт на бяспеку і стабільнасць, таму сярод асноўных пытанняў будзе зацвярджэнне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны – дакументаў, скіраваных на абарону суверэнітэту нашай дзяржавы і стварэнне шматпалярнага свету.

У рамках Адзінага дня інфармавання таксама былі абмеркаваны такія актуальныя тэмы, як “Супрацьдзеянне і прафілактыка злачыннасці, звязанай з замахам на палавую недатыкальнасць і палавую свабоду непаўналетніх у Рэспубліцы Беларусь”, “Адказнасць за рэгістрацыю на Інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у глабальнай сетцы Інтэрнэт”, “Выпальванне сухой расліннасці. Адпачынак на прыродзе. Акцыя “За бяспеку разам!”.

 

Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: