Вадзім Шчурскі: “Наша перавага – ва ўзаемадзеянні”

Важнае Грамадства

4 сакавіка сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў.

Ва ўсе часы служба ў міліцыі лічыцца адной з самых адказных, небяспечных і напружаных, але ў той жа час і ганаровых: прадстаўнікі гэтай прафесіі аддана служаць народу і Айчыне, застаюцца вернымі свайму абавязку і прызванню. Напярэдадні Дня міліцыі начальнік АУС райвыканкама падпалкоўнік міліцыі Вадзім Шчурскі расказаў аб рабоце аддзела, яго калектыве і прызванні міліцыянера.

– Вадзім Васільевіч, што сёння ўяўляе сабой аддзел унутраных спраў райвыканкама?

– Наш аддзел налічвае 65 супрацоўнікаў і работнікаў з ліку грамадзянскага персаналу, 55 з іх – атэставаны асабовы састаў. Разам выконваем задачы па ахове грамадскага правапарадку,  забеспячэнні асабістай, маёмаснай і дарожнай бяспекі грамадзян, барацьбе са злачыннасцю ў сферах эканомікі, наркакантролю і гандлю людзьмі, высокіх тэхналогій. З улікам міжнароднай палітычнай абстаноўкі актуальная сёння задача па рэалізацыі міграцыйнай палітыкі – работа з замежнымі грамадзянамі і бежанцамі. У пытаннях дарожнай бяспекі супрацоўнічаем з міжраённым аддзелам ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў.

–  Як склаўся 2023 год для вашай арганізацыі?

– У рамках арганізацыі работы замацавалі станоўчую дынаміку зніжэння ўзроўню злачыннасці на тэрыторыі раёна на 23 злачынствы (10 % ад агульнай колькасці зарэгістраваных), такім жа чынам складваецца пачатак гэтага года. Найбольш распаўсюджанымі па-ранейшаму застаюцца крадзяжы, пераважна асабістай маёмасці з нежылых дамоў і прылеглых тэрыторый. Злачынствы супраць жыцця і здароўя – адзінкавыя ў нашым раёне, аднак у мінулым годзе было некалькі рэзанансных спраў.

– У чым сіла вашага калектыву?

– Дзятлаўскі аддзел унутраных спраў – невялікі, але дружны, эфектыўны калектыў, дзе наладжаны высокі ўзровень узаемадзеяння паміж падраздзяленнямі. Як станоўчы прыклад – на цяперашні момант маем стопрацэнтную раскрывальнасць па лініі крымінальнага вышуку. У сваёй штодзённай рабоце супрацоўнікі міліцыі цесна ўзаемадзейнічаюць з установамі адукацыі, аховы здароўя старшынямі сельскіх выканкамаў, якія з’яўляюцца кіраўнікамі грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, упраўленнем па працы і занятасці райвыканкама.

Немалаважным з’яўляецца пераемнасць пакаленняў, калі супрацоўнікі аддзела па завяршэнні службы застаюцца працаваць у калектыве на грамадзянскіх пасадах, перадаючы каштоўны вопыт маладым. У нас працуюць Мікалай Кот, якія быў старшым афіцэрам, цяпер кіруе групай тылавога забеспячэння, Аляксандр Ламака, які пакінуў службу па выслузе ў званні падпалкоўніка міліцыі і сёння на пасадзе вадзіцеля групы тылавога забеспячэння. Старшыня ветэранскай арганізацыі, яго бацька, Аляксандр Ламака – таксама часты госць у калектыве аддзела.

– Па-вашаму, які сёння аўтарытэт міліцыі і ступень даверу яе супрацоўнікам?

– Рабіць вывады па ступені даверу насельніцтва міліцыі мы можам на практыцы па колькасці зваротаў у райаддзел ад жыхароў раёна. Кожны тыдзень аператыўная дзяжурная служба атрымлівае каля 50 паведамленняў, сярод якіх заявы аб здзяйсненні злачынстваў і супрацьпраўных дзеянняў і інфармацыя аб здарэннях. Па кожным факце супрацоўнікі выбываюць на месца, дэталёва разбіраюцца ў сітуацыі. Штотыдзень кіраўніцтва аддзела вядзе прыём грамадзян – прамых нараканняў на работу супрацоўнікаў аддзела не атрымлівалі. У сельскай мясцовасці грамадзяне давяраюць свае праблемы ўчастковым міліцыянерам, звяртаюцца да іх не толькі ў сферы аховы правапарадку.

– Ці проста стаць супрацоўнікам райаддзела міліцыі?

– У нас ёсць актуальныя вакансіі атэставаных пасадаў афіцэрскага саставу, якія можна заняць пры наяўнасці вышэйшай адукацыі. Аднак з нядаўняга часу асобы з сярэдняй спецыяльнай юрыдычнай адукацыяй і вопытам работы ў міліцыі могуць стаць афіцэрамі і працаваць на пасадах участковых міліцыянераў. Такі прыклад ёсць і ў нашым аддзеле – гэта маладыя перспектыўныя супрацоўнікі Мікіта Балтрукевіч і Дзяніс Барук. Што тычыцца радавых службоўцаў, мы рады вітаць жадаючых папоўніць наш калектыў. Пры гэтым кандыдатам належыць прайсці медыцынскі адбор, фізічныя і псіхалагічныя выпрабаванні.

– Што пажадаеце калегам напярэдадні прафесійнага свята?

– Дзеючым супрацоўнікам і ветэранам органаў унутраных спраў хачу пажадаць здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў у службе і дасягнення ўсіх пастаўленых мэтаў. Дастойна нясіце сваю адказную службу дзеля Айчыны і беларускага народа.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga