Менавіта іх можна было падгледзець і ўзяць на заметку яшчэ ў фае Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе ладзіліся выставы сямейных дасягненняў.
Іх у рамках раённага этапу агляду-конкурсу “Сям’я года-2024” прадстаўлялі ўдзельнікі. Чым толькі ні здзіўлялі членаў журы дружныя і шчаслівыя сем’і Дзятлаўшчыны: ад важкіх скарбонак узнагародаў, творчых шэдэўраў накшталт плеценых кошычкаў, вышываных карцін, самаробных дрэўцаў-радаводаў з фотаздымкамі да дамашняга хлеба, тортаў і іншай кулінарнай смакаты. Адным словам, жывуць у нашым раёне майстры і майстрыхі на ўсе рукі, крэатыўныя, таленавітыя, працавітыя, і такімі ж гадуюць сваіх дзяцей.
За званне лепшых спаборнічалі Юруці з Хвінявічаў, Памбухчаны з Жукоўшчыны, Лабарэвічы з Вензаўца, Кульшы з Раклевічаў, Войткі з Казлоўшчыны, Мацюкі з Дварэцкай сярэдняй школы, Маркевічы з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, Бакеі з Наваельні, Барысевічы з Круцілавічаў, Жуйковы з Гезгалаў, Ламакі з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.
– Летась мы ўсе былі сведкамі трыумфальнага ўдзелу сям’і Міклашаў з Дзятлаўскага раёна (гарпасёлка Наваельня) у рэспубліканскім фінале гэтага конкурсу, дзе яны занялі ганаровае ІІ месца, – павітаў удзельнікаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. – Хачу адзначыць, што 11 сем’яў, якія спаборнічаюць сёлета, ужо шчаслівыя людзі, бо маюць дзяцей і ў іх ёсць будучыня. Жадаю і надалей усім простага сямейнага шчасця. Вы ведаеце, колькі ўвагі ў Беларусі надаецца сем’ям з дзецьмі. Аляксандр Лукашэнка заўжды падкрэслівае неабходнасць другога, трэцяга дзіцяці. Ад імя райвыканкама і Савета дэпутатаў жадаю вам паспяхова выступіць і няхай вашы вочы свецяцца радасцю ад таго, што вы нарадзілі і выхавалі такіх цудоўных хлопчыкаў і дзяўчынак.
У час візітоўкі “Радавод” яны прадстаўлялі гісторыю свайго роду, сямейныя звычаі і традыцыі, усё гэта суправаджалася фотапрэзентацыямі на вялікім экране, таму ў гледачоў была магчымасць атрымаць аб удзельніках яркае і поўнае ўражанне.
Яшчэ адным конкурсным заданнем стаў сацыяльна-значны праект ад кожнай сям’і з сімвалічнай назвай “Мая сям’я – мая краіна”. У творчай форме ўдзельнікі расказвалі аб сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыі, захапленнях, поспехах, дасягненнях на карысць школы, арганізацыі, малой радзімы, роднай Беларусі.
Дыпломы ўдзельнікаў і падарункі атрымала кожная сям’я.
Лаўрэатамі раённага этапу агляду-конкурсу “Сям’я года-2024” стала сям’я Войткаў з гарпасёлка Казлоўшчына. Іна і Аляксандр – шматдзетныя бацькі, аднак гэта не перашкаджае ім мець агульнае захапленне – спевы і танцы. Сын Уладзіслаў захапляецца футболам, дачка Паліна з’яўляецца піянерам-лідарам ГА “БРПА”, малодшы сын Іван яшчэ ходзіць у дзіцячы сад. Сям’я вядзе здаровы лад жыцця, любіць сумесныя паходы, камандныя гульні, загарадныя прагулкі.
Дыпломам за ІІ месца адзначана сям’я Бакеяў з гарпасёлка Наваельня. Бацькі Аляксандр і Крысціна вельмі працалюбівыя і дружныя, яны дастойны прыклад для сваіх траіх дзяцей.
Дыплом ІІІ ступені заваявала сям’я Барысевічаў з Круцілавічаў. Мама Лілія захапляецца рукадзеллем, тата Уладзімір – рыбалкай і футболам. Бавіць час з бацькамі і дапамагаць ім любяць дочкі Ангеліна і Аляксандра і сын Арсеній.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga