Колькі моладзі чакаюць у студатрадах?

Важнае Грамадства

Семінар-вучоба па арганізацыі на Дзятлаўшчыне працоўнага моладзевага семестра-2024 прайшоў пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама, старшыні штаба па каардынацыі і кантролі за дзейнасцю студэнцкіх атрадаў Вадзіма Бяляткі.

– Летась нашаму раёну быў даведзены план па працаўладкаванні ў студатрадах 168 непаўналетніх і моладзі, які мы перавыканалі і працаўладкавалі 172 чалавекі, – расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Працавалі яны ў 5 сельгасарганізацыях, лясгасе і камунгасе. Мяркую, сёлета з планавым заданнем справімся не горш. Ва ўстановах адукацыі ў сакавіку стартавала і прадоўжыцца да мая акцыя “Выбіраем студатрад”, у рамках якой непаўналетніх будуць ніфармаваць аб магчымасці ўдзелу ў студатрадаўскім руху. Радуе, што нашы прапановы падтрымліваюць і наймальнікі. На гэты год план павялічаны: працаўладкаваць належыць 177 чалавек. Іх прымуць тыя ж наймальнікі, што і летась. Першыя студатрадаўцы прыступяць да работы ўжо на вясновых канікулах.

– Працаўладкаванне моладзі ў вольны час – вельмі важны кірунак дзейнасці, – падкрэсліў Вадзім Бялятка. – Асабліва гэта актуальна ў наш час, калі школьнікі ўсё больш “сядзяць” у інтэрнэце, што не вельмі карысна для здароўя. Працуючы ў студатрадах, маладыя людзі не толькі атрымліваюць карысныя навыкі, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці, але і зарабляюць свае першыя самастойныя грошы, што вельмі матывуе.

Як прымаць на работу студатрадаўцаў, наймальнікам нагадала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда, патлумачыла, як заключаюцца і чым адрозніваюцца працоўныя і грамадзянска-прававыя дагаворы, як вядуцца працоўныя кніжкі, захоўваюцца нормы рабочага часу для непаўналетніх.

На патрабаваннях да аховы працы пры рабоце студэнцкіх атрадаў, правядзенні інструктажаў з маладымі работнікамі і найбольш тыповых парушэннях наймальнікаў спыніліся галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка і галоўны спецыяліст сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпан Вольскі.

Аб парадку налічэння заробку студатрадаўцам і выкарыстанні грашовых сродкаў на развіццё дзейнасці студэнцкіх атрадаў, а таксама, якія формы справаздачнасці неабходна прадаставіць у ФСЗН, расказалі галоўны бухгалтар раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава і начальнік раённага сектара Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марыя Жыдко.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: