Час маладых

Важнае Грамадства

Дзятлаўшчына – малая радзіма і першае месца работы выпускніцы Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, доктара агульнай практыкі Кацярыны Карэнка, якая стала актыўным удзельнікам абласнога праекта “Равеснікі маладой Беларусі”.

21 чэрвеня ў Гродне адбыўся форум, на які, у рамках тыдня моладзі, сабраліся ўдзельнікі праекта.

– Сёння, калі на вялікім экране ў час форуму паказалі відэа са мной, захвалявалася. Гэта вельмі адказна для мяне – быць удзельніцай праекта і насіць годнае званне равесніцы нашай краіны. Сустрэча праходзіць цікава, насычана, ёсць магчымасць пазнаёміцца з людзьмі з іншых раёнаў Гродзеншчыны, розных сфераў дзейнасці, – падзялілася ўражаннямі Кацярына Яўгенаўна.

Цэнтральнай “фішкай” мерапрыемства стала дыялогавая пляцоўка з удзелам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюта, старшыні абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоля Нікіціна, прарэктара па выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васіля Сянько, галоўнага рэдактара газеты “Гродзенская праўда” Алесі Робак, а таксама дэпутатаў абласнога Савета, галоўных рэдактараў газет Гродзенскай вобласці, ідэолагаў.

Моладзь актыўна выказвала свае меркаванні аб тым, якой бачыць будучыню Беларусі, задавала пытанні гасцям.

– Я ганаруся тым, што ў нас выдатная моладзь, наколькі яна адданая сваёй краіне, наколькі гатовая служыць ёй, жыць тут, гадаваць сваіх дзяцей, падтрымліваць традыцыі, сямейныя каштоўнасці, – адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

Прыемным момантам форуму стала ўзнагароджанне ўдзельнікаў праекта, у ліку якіх дзятлаўчанка Кацярына Карэнка.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі сустрэчы ўдзельнікі форуму ўсклалі кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку імя Жылібера, прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні пад эгідай БРСМ. Для іх таксама арганізавалі экскурсію па гістарычным цэнтры Гродна.

Ірына КАМАРОВА

Фота Таццяны Маталянец (газета «Гродзенская праўда»)

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga