Канікулы-2024. Дзятлаўшчына прамысловая

Грамадства Свежыя навіны

Канікулы – гэта прыемны час адпачыць з карысцю.

Менавіта зараз можна бесклапотна падарожнічаць, спасцігаючы прыгажосць і культуру навакольнага свету. Зусім не абавязкова ехаць далёка. Многа цікавага, новага  можна ўбачыць на сваёй малой радзіме.

Выхаванцы аздараўленчага  лагера  “Сузор’е адкрыццяў” Раклевіцкай базавай школы  адправіліся ў падарожжа ў раённы цэнтр – горад  Дзятлава. Іх чакала сустрэча з прадстаўнікамі розных прафесій на прадпрыемствах горада: сэрвісны цэнтр “Белтэлекам”, раённы вузел паштовай сувязі, Белаграпрамбанк, кінатэатр “Спадарожнік”. Дзеці  пазнаёміліся, як у іх дом “прыходзіць”  інтэрнэт, з  апаратурай,  з якой працуюць спецыялісты Белтэлекама, прынцыпе дзеяння, заснаванага на выкарыстанні камутацыйнага цэнтра, які, выкарыстоўваючы стандартныя тэлефонныя кабелі, злучае ў адзіны ланцуг тэлефонныя апараты ўсяго горада.

Загадчыца раённага  вузла  паштовай сувязі расказала пра прафесіі касіра, паштальёна, а таксама пра сарціроўку пасылак, газет і часопісаў у спецыяльных памяшканнях.

Супрацоўніца банка паведаміла дзецям, для чаго патрэбны людзям банк, якія аперацыі выконвае ён, чым займаецца кансультант, касір,вартаўнік. Паказала банкамат і прынцып яго работы. У канцы экскурсіі ўручыла памятныя падарункі.

Апошнім прыпынкам быў кінатэатр “Спадарожнік”. Спачатку выхаванцы наведалі музейны пакой “Час. Кіно. Жыццё”, пазнаёміліся са штодзённым жыццём кінатэатра, ацанілі сучасныя тэхналогіі, убачылі рэтра-абсталяванне, даведаліся пра сённяшнія і забытыя прафесіі кінатэатра. Затым  дзеці паглядзелі зборнік беларускіх мультфільмаў.

Жанна ЖЫХ,
настаўніца пачатковых класаўРаклевіцкай базавай школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga