Канікулы-2024

Грамадства Свежыя навіны

Сустрэча кніжных сяброў

З мэтай выхавання беражлівых адносін да кнігі для выхаванцаў лагера “Здаравячок” Казлоўшчынскай сярэдняй школы была арганізавана “Сустрэча кніжных сяброў” у гарадской бібліятэцы. Гэта свята ўсіх, хто любіць чытаць незалежна ад таго, з’яўляюцца яны пастаяннымі наведвальнікамі бібліятэкі ці аддаюць перавагу атрымліваць асалоду ад чытання дома, свята дапытлівых дзяцей, улюбёных у кнігу, свята новых літаратурных адкрыццяў.

Падчас сустрэчы хлопчыкі і дзяўчынкі ўзгадалі асноўныя правілы абыходжання з кнігай. Выхаванцы лагера даведаліся пра выдатных дзіцячых пісьменнікаў, іх жыццё і ўклад у літаратуру. Затым яны ўспаміналі і абмяркоўвалі свае любімыя казкі і герояў. Гульня “Літаратурны калейдаскоп” стала цікавым інтэлектуальным выклікам для дзяцей, дзе яны маглі прымяніць свае веды падчас віртуальнага падарожжа па свеце казак, адкрываючы для сябе новыя куткі ўяўлення.

У канцы свята супрацоўнікі бібліятэкі нагадалі дзецям аб важнасці выканання правілаў паводзін у бібліятэцы.

Канікулы – час экскурсій

Выхаванцы дзіцячага аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Вясёлая планета” Дварэцкай сярэдняй школы адправіліся на экскурсію ў школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Спадчына” Круцілавіцкай сярэдняй школы (экспазіцыя “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”). Дзеці пазнаёміліся з асаблівасцямі жыцця і побыту жыхароў вёскі канца XIX-пачатку XX стагоддзя. Больш падрабязна даведаліся пра дзейнасць рамеснікаў таго часу: кавалёў, ганчароў, бондараў. Таксама выхаванцы наведалі музейны пакой “Жыццёвы і творчы шлях Вячаслава Адамчыка”, месца, дзе ён нарадзіўся (мемарыяльная дошка ля роднай хаты ў вёсцы Варакомшчына), прасторава-дэкаратыўную кампазіцыю ў складзе макета-паравоза, інфармацыйнага шчыта і алеі чыгуначнікаў з памятным знакам, які змяшчае яе назву і напрамкі руху вузкакалейкі  Наваельня – Навагрудак – Любча.

Пабывалі яны і ў Дзятлаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе азнаёміліся з асноўнымі музейнымі экспазіцыямі, сярод якіх мастацкія работы мастакоў Козелаў, скульптуры  Мікалая   Несцярэўскага, убачылі складаныя мадэлі парусных суднаў. Аб’ектамі экскурсіі сталі помнік воінам-інтэрнацыяналістам, Іосіфу  Філідовічу, мемарыял “Дзеці ліхалецця”. Не прамінулі выхаванцы лагера і музей гімназіі № 1 райцэнтра, які адлюстроўвае гісторыю і традыцыі яўрэйскага насельніцтва Дзятлава ў даваенны час і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, даведаліся пра ўмовы жыцця яўрэяў падчас акупацыі Дзятлава нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga