І мора, і зялёныя лясы, і ветразі натхнення

Важнае Культура і адпачынак

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ўрачыста адкрыта выстава “Мастацтвам жыць” Уладзіміра Міхалюка.

Уладзімір Мікітавіч – асаблівы мастак, якога талентам ствараць прыгажосць надзяліла прырода. З 2005 года ён жыве ў Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, дзе ёсць усе ўмовы, каб яго жыццё было поўным, насычаным, творчым. Гэты мастак адносіцца да асаблівай катэгорыі людзей: у яго адсутнічаюць слых і маўленне, затое развіты фантазія і майстэрства ствараць.

Падтрымаць аўтара і выказаць на яго адрас цёплыя словы ў адказны момант жыцця прыйшлі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, спецыялісты і дырэктар інтэрната Ігар Ціхан, работнікі музея і нераўнадушныя дзятлаўчане.

– У нашых спецыялізаваных установах жыве нямала таленавітых майстроў, якія ствараюць прыгажосць з душой і ад душы, укладваючы ў свае работы станоўчую энергетыку, – зазначыла Вольга Сядзельнік. – Калі прыязджаеш у Казлоўшчыну і ідзеш па калідорах, то разумееш, што тут жыве чалавек, якому вельмі цікавыя дзве тэмы – марская і прыроды. Ён, як Айвазоўскі, умее перадаць колеры і характар марской стыхіі. Гэта цудоўна, як і рашэнне паказаць наведвальнікам выставы, на што здольны асаблівы творца. Хочацца, каб людзі пабачылі, наколькі Уладзімір Міхалюк таленавіты і шчыры ў сваіх работах. Словы ўдзячнасці я адрасую ўсім, хто задумаў і арганізаваў гэта мерапрыемства.

Вольга Георгіеўна ўручыла аўтару сувенір і кветкі.

Яшчэ адзін падарунак ад імя Дзятлаўскага райвыканкама перадала Алена Васкель і пажадала мастаку натхнення і далейшых поспехаў.

– Летась з жыхарамі нашай установы мы наведалі музей. У саставе групы быў і Уладзімір Мікітавіч, – расказала спецыяліст дома-інтэрната Марыя Маленчык. – На той час тут якраз працавала выстава земляка Аркадзя Сокала. Нашаму Уладзіміру Мікітавічу ўсё вельмі спадабалася. Тады і нарадзілася думка пазнаёміць дзятлаўчан з творчасцю асаблівага аўтара Уладзіміра Міхалюка. Адметна, што ажыццявілася гэта менавіта ў Год якасці. Уладзімір Мікітавіч заўжды вельмі якасна выконвае свае работы.

Прысутным, безумоўна, хацелася пачуць слова самога творцы, і замест яго выступіў майстар па працатэрапіі Ігар Лішык, які заўсёды знаходзіцца побач, дапамагае, натхняе, раіць, разумее, падказвае.

– Ён стварае свае работы, кіруючыся іншымі ілюстрацыямі. Натхняецца работамі знакамітых і малавядомых мастакоў, – патлумачыў асаблівасці творчага працэсу Ігар Віктаравіч. – Я прыносіў яму розныя малюнкі, і ён пачаў іх кампанаваць: ствараць кампазіцыі з некалькіх карцін, вырабляць барэльефы. Часта малюе карціны, убачыўшы ілюстрацыі ў кнігах. Вельмі яму падабаецца марская тэматыка. Шхуны майструе па чарцяжах, пры гэтым вырабляць дробныя дэталі дапамагаюць сябры па ўстанове.

– Дзякуй вам, Уладзімір Мікітавіч, за такі глыбокі і яркі погляд на жыццё, які мы адчуваем у вашых работах, дзякуй усім супрацоўнікам інтэрната, якія падтрымліваюць таленты і памкненні сваіх падапечных, – далучыўся да віншаванняў дырэктар музея Сяргей Каско. – У нашым раёне жыве нямала самабытных таленавітых мастакоў. Спадзяюся, яшчэ выдасца магчымасць з некаторымі з іх пазнаёміць Уладзіміра Мікітавіча. Думаю, яны зразумеюць адзін аднаго калі не словам, то сэрцам.

У гэты дзень Уладзімір Міхалюк пачуў шмат шчырых слоў падтрымкі, на яго адрас гучалі лепшыя пажаданні, былі кветкі і падарункі. Мяркуем, усё гэта натхніць майстра і дапаможа яму перадаць прыгажосць навакольнага свету і шчодрасць сваёй душы праз новыя работы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga