Незабыўныя старонкі ваенных гадоў. Мечыслаў Генюк: “Калі будзе мір – будзе і жыццё”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Свае падарожжы па Дзятлаўшчыне ў рамках сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжаюць артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

На гэты раз з культурна-пазнавальнай экспедыцыяй “Па сакрэты даўгалецця” Ірына Бакшук, Святлана Венская і Іван Кашко накіраваліся ў вёску Нарбутавічы да мясцовага доўгажыхара Мечыслава Генюка.

Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Мечыслаў Паўлавіч падрабязна памятае самыя значныя моманты свайго жыцця. Дзяцінства нашага земляка апаліла Вялікая Айчынная вайна. Калі яна пачалася, ён быў яшчэ зусім хлапчуком, аднак у дзіцячую памяць назаўсёды “ўрэзаліся” страшныя падзеі ваеннага ліхалецця і тыя глыбокае гора і нечалавечы страх, што перажылі беларусы ў гады акупацыі. Гаротныя весткі не абыходзілі амаль ніводнай хаты: ворагі палілі цэлыя населеныя пункты, расстрэльвалі і катавалі людзей, сярод якіх былі родныя, знаёмыя, землякі вяскоўцаў. Гора тройчы “пастукала” ў дзверы сям’і Генюкоў: на вайне загінулі два родныя дзядзькі Мечыслава і стрыечны брат.

Наш зямляк і сёння памятае, як цяжка было перажыць лютыя ваенныя гады і галодны пасляваенны час, калі ўсе разам, ад малога да старога, паднімалі народную гаспадарку, аднаўлялі разбураную ворагам краіну. Аднак перацярпець усе цяжкія выпрабаванні, амаль непасільную працу дапамагала тая светлая, шчырая радасць, якую прынесла людзям Вялікая Перамога. Вось і сёння з пазіцыі шматгадовага вопыту як навучанне нашчадкам Мечыслаў Паўлавіч выказвае мудрую думку: “Калі будзе мір – будзе і жыццё”.

Доўгажыхар лічыць, што выжыць і не апусціць рукі тагачаснаму ваеннаму пакаленню дапамагалі вялікая працаздольнасць і вера ў мірную будучыню. Таму і за “формулу” асабістага даўгалецця, сакрэтам якой з задавальненнем дзеліцца з сучаснай моладдзю, Мечыслаў Генюк узяў наступны прынцып: “шмат працаваць і быць шчырым у сваіх думках і ўчынках”.

Больш за паўстагоддзя ў родных Нарбутавічах Мечыслаў Паўлавіч пражыў разам са сваёй любімай жонкай Вандай Іосіфаўнай. Сямейная пара выгадавала дваіх сыноў – Мечыслава і Васіля, якія цяпер жывуць у Дзятлаве, дачакалася чацвярых унукаў, ёсць ужо і праўнукі. Генюкі былі дбайнымі, стараннымі гаспадарамі, шмат працавалі, трымалі вялікую гаспадарку. Муж заўсёды ганарыўся тым, што ў Ванды Іосіфаўны залатыя рукі: яна не толькі рупліва спраўлялася з любой работай, але і паспявала ствараць прыгажосць у доме – вышывала, ткала. Яе рукатворнымі шэдэўрамі і сёння можна залюбавацца.

На развітанне доўгажыхар ад шчырага сэрца пажадаў маладому пакаленню берагчы мір на зямлі і не ленавацца, бо дабрабыт, шчасце і ўсе выгоды прыходзяць праз старанную працу. Толькі ўласнымі рукамі можна ствараць прыгажосць вакол сябе, у родным горадзе, у сваёй краіне.

Артысты таксама не пакінулі Мечыслава Паўлавіча без добрых пажаданняў: зычылі яму моцнага здароўя, бадзёрасці духу, светлых, мірных дзён і душэўнай цеплыні.

Ірына СТЫРНІК

Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ



Теги: