Хто адправіцца на “Цягніку Памяці”?

Галоўнае Грамадства

26 сакавіка ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” вызначалі ўдзельнікаў Міжнароднага культурна-адукацыйнага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці-2024”.

Са словамі ўдзячнасці куратарам праекта, абласному кіраўніцтву і з пажаданнямі сёлетнім канкурсантам выступіла наша зямлячка, навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Анастасія Шавель, якая летась стала пераможцай і ўжо ажыццявіла вандроўку.

Цяперашнія вынікі будуць агучаны праз некалькі дзён, і 10 пераможцаў абласнога этапу атрымаюць магчымасць 22 чэрвеня з Брэста адправіцца ў падарожжа і наведаць памятныя мясціны, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі і Расіі, пасябраваць з аднагодкамі з розных краін.

За гэта змагаліся 33 дзесяцікласнікі Прынёмання, якія сталі фіналістамі раённых адбораў. Дзятлаўшчыну ў Гродне прадстаўлялі раённы пераможца Станіслаў Якаўчык з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і прызёр Арцём Глушкевіч з Вензавецкай сярэдняй школы.

На абласны этап конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” былі высланы іх дамашнія заданні (“партфоліа” і творчае эсэ “Пра тую вясну…”), а на сцэне яны выступалі з візітоўкай.

– Перад выступленнем крыху хваляваўся, бо гэта конкурс вельмі высокага ўзроўню, – падзяліўся ўражаннямі Станіслаў Якаўчык. – Сёлета да праекта далучыліся новыя краіны, адбор стаў яшчэ больш сур’ёзны. Аднак я веру ў ажыццяўленне сваёй мары. За дапамогу дзякую камандзе, якая суправаджала на ўсіх этапах, педагогу-арганізатару Дзіяне Іванаўне Варган, намесніку дырэктара Марыі Мікалаеўне Шавель, вядома ж, матулі, якая натхняла маральна. Выступленне падарыла шмат эмоцый, я абагуліў усе ранейшыя праекты, ацаніў, якая важкая работа зроблена. Прыемна было пазнаёміцца з іншымі канкурсантамі, займець сяброў. Сённяшнім дзевяцікласнікам-выдатнікам раю абавязкова ў наступным годзе таксама паспытаць сябе, бо шанц павандраваць на “Цягніку Памяці” даецца не кожнаму, аднак конкурс пашырае светапогляд. Спрабуйце свае сілы і перамагайце!

– Настрой цудоўны, – далучыўся да размовы Арцём Глушкевіч. – Хаця на сцэне пачуцце было дваякім: і хвалявання, і ўпэўненасці ў сабе. Вельмі надавала сіл група падтрымкі. Дзякую ім, дырэктару Ганне Іванаўне Франюк, яе намесніку Наталлі Пятроўне Тамашовай, класнаму кіраўніку Аксане Віктараўне Роўба за падрыхтоўку да конкурсу. Падтрымлівалі бацькі, бабуля і дзядуля, спадзяюся, што вынік апраўдае іх надзеі. Мне вельмі хочацца трапіць на праект, наведаць славутыя гарады, дзе праходзілі важныя ваенныя падзеі. У любым выпадку конкурс ужо даў мне незабыўны вопыт. Тым, хто марыць аб удзеле ў наступным сезоне, жадаю ўседлівасці і цярпення, умення валодаць сабой на вялікай сцэне, крэатыўнасці.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: