“Заўтра” мы ствараем цяпер: жнівеньскі педагагічны форум на Дзятлаўшчыне (+відэа)

Галоўнае Улада

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбылася штогадовая жнівеньская нарада кіруючых і педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі раёна.

Педагогі Дзятлаўшчыны, прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый, духавенства сабраліся, каб падвесці вынікі мінулага навучальнага года і акрэсліць новыя задачы.

Мерапрыемству папярэднічала выстава-прэзентацыя педагагічных дасягненняў, якія дэманстравалі кіраўнікі навучальных установаў раёна.

Галоўнымі героямі форуму сталі педагогі, якія сёлета прыбылі ў раён на сваё першае рабочае месца. Калектывы навучальных установаў папоўніліся 17 маладымі спецыялістамі, сярод якіх – выхавальнікі ўстановаў дашкольнай адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў, фізічнай культуры, замежнай мовы, педагогі-псіхолагі. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская павіншавала маладыя кадры з пачаткам працоўнага шляху на Дзятлаўшчыне. Разам са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі Тамарай Юранковай яна ўручыла настаўнікам памятныя падарункі.

Павітала малодшых калег на Дзятлаўшчыне і расказала аб самым важным у прафесіі педагога настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 імя І. Ю. Філідовіча Святлана Урбан. Па выніках конкурсаў і даследчых канферэнцый двое яе вучняў былі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўключаны ў рэспубліканскі банк даных адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Словы пашаны і кветкі былі адрасаваны ветэранам педагагічнай працы, якія таксама  прынялі ўдзел у форуме.

Увазе прысутных быў прадстаўлены відэафільм, прысвечаны вынікам работы і дасягненням сістэмы адукацыі ў мінулым навучальным годзе.

Перадавым вопытам падзяліўся педагагічны калектыў Гезгалаўскай сярэдняй школы, больш за 50 % выпускнікоў якой маюць атэстат асаблівага ўзору, дзве выпускніцы атрымалі 100-бальны вынік на цэнтралізаваным экзамене.

У ходзе работы форуму праект “Марафон Вялікай Перамогі, або Новае пакаленне: аб вайне, перамозе, мірным часе” прадставілі навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава; тэму фарміравання ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму раскрылі ўдзельнікі патрыятычнага клуба “Мужнасць” Казлоўшчынскай сярэдняй школы; да дыялогу “З чаго пачынаецца Радзіма?” запрасіў удзельнік патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці-2024”, навучэнец сярэдняй школы № 3 імя І. Ю. Філідовіча Станіслаў Якаўчык.

Марына Лашкоўская засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў форуму на перспектывах развіцця сістэмы адукацыі ў 2024-2025 навучальным годзе. У ліку важных задач – развіццё новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, работа з высокаматываванымі навучэнцамі, якасная падрыхтоўка школьнікаў да цэнтралізаванага экзамена.

Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Жнівеньскія сустрэчы педагогаў – найлепшая традыцыя, якая склалася за многія гады ў сістэме адукацыі, гэта пляцоўка для прафесійных стасункаў, магчымасці падзяліцца поспехамі і дасягненнямі, абмеркаваць планы і прыярытэты развіцця ў новым навучальным годзе. Прыемна, што сістэма адукацыі раёна не толькі стабільна развіваецца і функцыянуе, але і з кожным годам істотна прагрэсіруе. Педагагічныя калектывы пастаянна дасягаюць станоўчых вынікаў, падтрымліваючы прэстыж як саміх навучальных установаў, так і нашага раёна. Хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці педагогам, а таксама ўсім тым, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года. Паважаныя педагагічныя работнікі Дзятлаўшчыны! Дзякую вам за вернасць свайму прызванню! Жадаю творчых поспехаў і святочнага настрою. Няхай ніколі не пакідае вас энтузіязм, імкненне вучыцца і ствараць, пакараць новыя вышыні. Прафесійнага вам майстэрства!

Андрэй Уладзіміравіч уручыў педагогам узнагароды: Ганаровыя граматы Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта – Святаславу Буяку, Аляксандру Палуносіку, Наталлі Тамашовай, Святлане Ус, Вераніцы Фабішэўскай. Падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама былі адзначаны Юлія Валчкевіч, Жанна Свіб, Святлана Цілігузава, Віталь Халюкоў.

Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён уручыў падзячны ліст Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Марыне Лашкоўскай, Ганаровую грамату райсавета – Алене Баковіч, Ліліі Палуносік, падзячныя лісты старшыні раённага Савета дэпутатаў – Наталлі Болтач, Кацярыне Ляўкевіч, Юрыю Сароку.

Марына Лашкоўская выканала прыемныю місію – уручыла калегам рэспубліканскія і абласныя ўзнагароды. Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь былі адзначаны Ірына Шумская, Тамара Буяк, Кацярына Латушка; Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта – Ірына Мішчанка, Аксана Якаўчык; граматамі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта – Таццяна Юргілевіч, Іна Джураханава, Ірына Канановіч, Вольга Роўба, Іна Нічыпаровіч, Пётр Іодчык.

Настаўнікі і педагагічныя работнікі, якія паспяхова вызначыліся ў прафесійнай дзейнасці, атрымалі ўзнагароды ад аддзела адукацыі райвыканкама, а таксама каштоўныя падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Юбілейнага медаля “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” сёлета былі ўдастоены работнікі сістэмы адукацыі Святаслаў Буяк, Ігар Данільчык і Эдуард Ненартовіч. Узнагароду ўручыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.

Музычную паштоўку ўдзельнікам форуму падарылі лаўрэаты абласнога конкурса “Таленты Прынямоння-2024”, навучэнцы школ і педагогі раёна.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga