Дзелавы панядзелак. На нарадзе: першае цяпло – самы актыўны перыяд для аграрыяў, дарожнікаў, іншых службаў

Важнае Улада

Пра пачатак пасяўных работ, неабходнасць правядзення суботніка, фінансавую дысцыпліну на прадпрыемствах і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Спяшацца не трэба, адставаць нельга

– Уступаем у актыўную фазу пасяўной кампаніі. Зразумела, што тэмпература надвор’я яшчэ не стабільная, таму з некаторымі відамі культур спяшацца не трэба, аднак і спазніцца нельга. Задзейнічаць усе транспартныя і людскія рэсурсы, у тым ліку і ў выхадныя дні. Правесці пасяўную ў тэрмін, з выкананнем тэхналогіі і культуры работ, – паставіў задачу кіраўнік раёна аграпрамысловаму комплексу.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч патрабаваў кантролю за работай па пратручванні насення – гэта датычыцца ўсіх сельгаспрадпрыемстваў; завяршэння першых падкормак азімых – тут “праславіліся” гаспадаркі “Граніт-Агра” і “Дварэц-Агра”. Паколькі ў раёне ёсць выпасныя фермы, прадугледзець падкормку трэцяй часткі пашы, падрыхтаваць электрапастухоў і ёмістасці для паення жывёлы. Прафсаюзу АПК – кантраляваць работу сталовых, яны павінны працаваць у поўнай загрузцы.

Станоўча старшыня райвыканкама адгукаўся пра падрыхтоўку да ўсіх відаў вясновых работ гаспадарак “Войневічы” і “Хвінявічы”.

Куды цячэ паліўны ручай?

У Дзятлаўскім раёне прадаўжаюцца рэйдавыя мерапрыемствы праваахоўнікаў, накіраваныя на захаванасць у гаспадарках АПК маёмасці, у тым ліку і паліва, прызначанага для запраўкі сельгастэхнікі. Ужо ні для каго не сакрэт, што нафтавае паліва, якое пастаўляецца ў арганізацыі для выканання работ, звязаных з пасяўной кампаніяй, афарбоўваецца. Акрамя таго, на частку тэхнікі ўстанаўліваюцца датчыкі кантролю за яго расходам паліва. Такая практыка дазволіла скараціць “амаль прамысловыя” маштабы раскрадання паліва да адзінкавых выпадкаў.

– Між тым і “разавая акцыя” крадзяжоў, а яны па інфармацыі міліцыі фіксуюцца ў раёне амаль штотыднёва, павінна быць спынена. Узнікаюць пытанні, як кантралюецца на прадпрыемствах спісанне паліва? Правядзіце работу з эканамістамі і бухгалтарамі, – паставіў задачу Андрэй Садоўскі ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Гандаль для вяскоўцаў

На бягучым тыдні спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама сумесна з прадстаўнікамі сельвыканкамаў выедуць у населеныя пункты раёна для сустрэч з мясцовым насельніцтвам. Маніторынгавую групу будуць цікавіць пытанні работы сельскіх магазінаў і аўталавак, наколькі дзятлаўчане задаволены разнастайнасцю тавараў, якія ім прапануюць гандлёвыя аб’екты, абслугоўваннем, і якія ёсць пажаданні ў вяскоўцаў.

Спартыўныя планы

На майскія святы Дзятлаўшчыну плануе наведаць знакаміты спартсмен, наш зямляк, ураджэнец вёскі Скіпоравічы Казлоўшчынскага сельсавета, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Мехіка ў 1968 годзе, Міхаіл Жалабоўскі.

Спартыўных перамог у Міхаіла Мікалаевіча шмат: ён трохразовы рэкардсмен СССР на дыстанцыі 5000 метраў, сяміразовы чэмпіён СССР на сярэдніх і доўгіх дыстанцыях, трохразовы пераможца матча СССР – ЗША. Нагадаю, што ў Дзятлаве штогод у Свята працы 1 мая праводзіцца аматарскі лёгкаатлетычны забег “Міля Жалабоўскага” на дыстанцыю паўтара кіламетра.

Сёлета спартсмен плануе перадаць у дар Казлоўшчынскай сярэдняй школе свае спартыўныя ўзнагароды, а таксама правесці раённы лЁгкаатлетычны забег.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga