Пытанне актуальнае, але разам з тым і дзіўнае.
Актуальнае таму, што ў рэспубліцы заканчваецца месяц прамысловага турызму, і на сайты, у сацыяльныя сеткі і месанджары амаль кожны дзень размяшчаецца інфармацыя з розных прадпрыемстваў рэспублікі: экскурсіі наведваюць МАЗ, “Камунарку”, “Спартак”, Лідскі піўзавод і іншыя.
Гэта заканамерна – як не наведаць такія брэндавыя прадпрыемствы? А чаму ж тады пытанне дзіўнае? Ды таму, што на Дзятлаўшчыне таксама ёсць што паглядзець, аднак пра тое пакуль мала хто ведае. І каб разрэкламаваць прадпрыемствы, паказаць землякам, і не толькі ім, цікавыя аб’екты прамысловага турызму, сектар спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама сумесна з Дзятлаўскім турыстычным інфармацыйным цэнтрам наведалі месцы, якія могуць стаць шырокавядомымі аб’ектамі прамысловага турызму. Гэта аб’екты Дзятлаўскага лясгаса, кіраўніцтва якога першым пайшло насустрач турыстычнай сферы раёна і згадзілася наладзіць наведванне турыстамі некалькіх аб’ектаў: Вензавецкага дрэваперапрацоўчага прадпрыемства і Казлоўшчынскага доследна-вытворчага лясніцтва.
Скажу адразу – там цікава. Цікава таму, што новае, невядомае, непрывычнае для тых людзей, хто не звязаны з лесам. А яшчэ таму, што можна паназіраць за поўным цыклам апрацоўкі драўніны – ад вялізнага бервяна, зрэзанага ў лесе, да тонкай габляванай дошкі, якая пастаўляецца на прадпрыемствы для вырабу розных прадметаў з драўніны. Вам у Вензавецкім дрэваапрацоўчым цэху і пакажуць поўны цыкл, і раскажуць пра яго адметнасці. Вытворчасць там безадходная, нават дранка і пілавінне ідуць у работу.
А яшчэ аматары сэлфі, канешне ж, зробяць шмат фотаздымкаў у спецформе на фоне дрэваапрацоўчай тэхнікі, штабялёў з дрэвам ці дошкамі. Экзотыка!
У Казлоўшчынскім жа доследна-вытворчым лясніцтве зусім іншае. Тут турыст пагрузіцца ў асаблівасці ўзнаўлення лясных насаджэнняў, пазнаёміцца з парнікамі і цяпліцамі, дзе вырошчваецца аднагадовы і двухгадовы пасадачны матэрыял хвоі і елкі для дзятлаўскіх лясных абшараў. Між іншым, пасадкі лесу на тэрыторыі раёна ўжо вядуцца, можна далучыцца.
Ёсць у лясніцтве дэндрарый з экзотамі, невялікае азярцо з крыштальна чыстай вадой, альтанка для адпачынку і, безумоўна, спецтэхніка – лясная машына, у якой можна пасядзець і ўявіць сябе валадаром лесу, бо кабіна высокая, залезці ў яе не так і проста.
Карацей кажучы, эмоцый і новых уражанняў, а таксама ведаў можна атрымаць шмат. Спадзяёмся, што гэтыя месцы, і не толькі яны, стануць у бліжэйшы час папулярнымі аб’ектамі прамысловага турызму на Дзятлаўшчыне. А ў доказ хачу адправіць чытачоў газеты на наш Тік Ток visit_dyatlovo, дзе яны змогуць пазнаёміцца з ролікамі пра вышэйназваныя аб’екты і паглядзець, якую пільную ўвагу яны прыцягнулі ў аматараў праглядаў.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga