Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло пасяджэнне раённага міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме.
Сярод пытанняў парадку дня абмеркавалі арганізацыю рэкламна-інфармацыйнай кампаніі па папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу Дзятлаўскага раёна і падрыхтоўцы да міжнароднага вясновага кірмашу “Адпачынак-2024”. Аб стане спраў у гэтым кірунку расказалі галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка і дырэктар Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзінара Харошка.
Было адзначана, што традыцыйную міжнародную выставу (сёлета ўжо 26-ю) у красавіку будзе ладзіць сталічны цэнтр “Белэкспа” сумесна з Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Дзятлаўчане скарыстаюцца гэтай эфектыўнай пляцоўкай для папулярызацыі і рэкламавання сваіх турпаслугаў, наладжвання новых дзелавых кантактаў, бо летась гэта дало станоўчыя вынікі. Сёлета наш раён збіраецца не менш сур’ёзна пра сябе заявіць. Будуць прадстаўлены як пацвердзіўшыя сваю эфектыўнасць элементы, так і навінкі. Застануцца ў праграме розыгрыш сертыфікатаў на сплаў на байдарках і экскурсію “Знаёмцеся – Дзятлава”, майстар-класы, інтэрактывы, красворды. Кожны з 3-х дзён выставы нашага раёна будзе адрознівацца: у першы адбудзецца адкрыццё раённага стэнда і старт гульні-акцыі “Падарожжа з Дзятліцай”. Другі пройдзе пад знакам “Падарожжа з героем” у рамках 80-годдзя вызвалення Беларусі.
У трэці прапануюць шматграннае знаёмства з “Дзятлаўшчынай нязведанай і непаўторнай”. Зноў будзе працаваць сувенірная лаўка “Хэнд-мэйд з душой”. Як новы элемент дадасца афлайн-караоке з ваеннымі песнямі. Усе гэтыя моманты павінны прывабіць гасцей выставы, якія будуць атрымліваць паліграфічную прадукцыю, прайс-лісты, лістоўкі з QR-кодамі і вусныя запрашэнні на адпачынак у наш раён.
Прадоўжылі тэму загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько і дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская, якія прааналізавалі, што спрыяе павышэнню якасці работы па развіцці падзейнага турызму ў раёне. Сярод брэндавых святаў назвалі першы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны – абрад “Юр’е” вёскі Ахонава, прадаўжаецца папулярызацыя другога “Стравы з бульбы: дранікі бульбяныя, аладкі, бабка”. Шырокую папулярнасць набылі святы вышыванкі, лёну, бульбы, іншыя. Штогод у Дзятлаве маштабна праходзіць адкрыты рэгіянальны фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, праграма якога будзе разнастайвацца работай новых інтэрактыўных пляцовак і праграм для розных узроставых катэгорый. Сёлета ў раёне ўпершыню ладзіўся “Вясновы баль у Тызенгаўза” з удзелам гасцей з розных рэгіёнаў Беларусі і прадстаўнікоў Беларускай прафесійнай танцавальнай лігі. Бальная традыцыя на Дзятлаўшчыне будзе прадоўжана.
Як у 2023 годзе прайшла раённая спартакіяда навучэнцаў, у якіх яшчэ спартыўных мерапрыемствах паўдзельнічалі школьнікі, якім чынам іх будуць прывабліваць да спартыўных гульняў і спаборніцтваў, расказаў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда.
Былі абмеркаваны і іншыя пытанні, сярод якіх: наколькі ўдалося дасягнуць планаў, акрэсленых на снежаньскім пасяджэнні каардынацыйнага савета, якім чынам сёлета выканаць даведзены паказчык па экспарце турыстычных паслугаў. Закранулі тэмы арганізацыі вытворчых экскурсій у ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, актывізацыі ўдзелу грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзных арганізацый у акцыі “Дзятлаўшчына гераічная”, устаноўкі, перадачы і падтрымання ў актуальным стане элементаў турыстычнай навігацыі, падрыхтоўкі экскурсаводаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga