30 гадоў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Важнае Грамадства

15 сакавіка Асноўны Закон нашай краіны адзначыць юбілейную дату.

На аснове Канстытуцыі фарміруецца ўся сістэма заканадаўства і вызначаецца кампетэнцыя дзяржаўных органаў. Наша Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. Яна была зацверджана 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання і з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай дзяржавы і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Асноўны Закон дзейнічае са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года, 17 кастрычніка 2004 года, 27 лютага 2022 года.

27 лютага 2022 года адбыўся рэферэндум, паводле вынікаў якога народ Рэспублікі Беларусь прыняў змяненні і дапаўненні Канстытуцыі. З’явіліся 11 новых артыкулаў і 1 новая глава (аб Усебеларускім народным сходзе), якія ўтрымліваюць больш за 50 новых нарматыўных палажэнняў. Тэкст абноўленай Канстытуцыі змяшчае 156 артыкулаў. Шмат змяненняў тычацца пасады Прэзідэнта. Узроставы цэнз для кандыдата на гэту пасаду ўзняты з 35 да 40 гадоў. Тэрмін пастаяннага пражывання ў Беларусі таксама павялічаны з 10 да 20 гадоў. Больш за тое, кандыдат не павінен мець (на момант абрання або ў мінулым) замежнага грамадзянства або віду на жыхарства, карты паляка, іншых падобных дакументаў.

Уведзены нормы, якія замацоўваюць канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу, які стаў вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя. Раней гэта былі проста з’езды. Цяпер дакладна вызначана, што УНС – гэта да 1,2 тысячы дэлегатаў. Тэрмін іх паўнамоцтваў – 5 гадоў. Што тычыцца паўнамоцтваў самога Усебеларускага народнага сходу, то іх шмат, аж да ўвядзення надзвычайнага становішча ў краіне. Таксама cход прызначае кіраўніка і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі. У састаў УНС абавязкова ўваходзяць былы і дзеючы прэзідэнты, а таксама дэпутаты і іншыя прадстаўнікі ўлады.

Яшчэ апошнім рэферэндумам у Канстытуцыі замацавана палажэнне аб тым, што грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Вызначана, што дзяржава стварае ўмовы для абароны персанальных даных, бяспекі асобы і грамадства пры іх выкарыстанні, а права на захаванасць асабістых даных становіцца адным з базавых. Таксама ўведзена норма аб тым, што кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы. Удакладняецца, што шлюб – гэта саюз жанчыны і мужчыны. Сказана, што “дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Віталій ЮРГО,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga