Сямейны архіў. Важкі “не юбілей” Юліі Гульнік

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Для нас больш звыкла, што нагодай для віншаванняў становяцца юбілейныя дні нараджэння дзятлаўчан, аднак у Юліі Фларыянаўны Гульнік з Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна не менш адметная дата – 106 гадоў жыцця!

У такім узросце не грэх кожны дзень нараджэння сустракаць як юбілейны. І такую магчымасць для доўгажыхаркі арганізавалі дырэктар цэнтра Таццяна Нікіпорчык, яе работніцы, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Алена Васкель, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, артысты Цэнтра культуры і народнай творчасці горада Дзятлава Ірына Бакшук, Святлана Венская, Іван Кашко. У гарпасёлку да іх далучылася старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка.

З падарункамі ад установаў і грамадскіх аб’яднанняў, са шчырымі віншаваннямі яны наведалі Юлію Фларыянаўну, каб стварыць для яе па-дамашняму цёплую атмасферу свята, падарыць хвіліны душэўнасці.

Госці і работнікі аддзялення пажадалі імянінніцы моцы духу, здаровага жыцця, сонечных дзён, павагі і пашаны ад людзей. Паважаць Юлію Гульнік ёсць за што: яна пражыла няпростае жыццё, поўнае выпрабаванняў і іспытаў, аднак да гэтага часу засталася аптымісткай, чалавекам чулым, уважлівым, з глыбокім жыццёвым вопытам.

Нарадзілася наша зямлячка 31 студзеня 1918 года ў небагатай сялянскай сям’і з вёскі Вензавец, была восьмым дзіцем у бацькоў. Нягледзячы на беднасць, змагла скончыць 4 класы польскай школы, шмат працавала, дапамагала дарослым па гаспадарцы. Замуж выйшла ў 1940 годзе, з мужам жыла ў вёсцы Жадзейкі. Пасля смерці дачкі ёй давялося замяніць унуку Алегу маці. Хлопец вырас годным чалавекам, быў ваенным лётчыкам, цяпер пенсіянер, жыве ў Калінінградзе, акрамя яго, блізкіх сваякоў у бабулі не засталося.

Сама Юлія Фларыянаўна да 93 гадоў вяла хатнюю гаспадарку, толькі ў шаноўным узросце “перасялілася” на пастаяннае жыхарства ў аддзяленне, аб чым не шкадуе. Тут яна агорнута клопатам і ўвагай, радуецца кожнаму новаму дню. У шаноўныя 106 гадоў ёй не змяняе памяць, не падводзяць ногі. Прычынай свайго даўгалецця бабуля лічыць веру ў Бога і мудрыя адносіны да жыцця.

Ірына СТЫРНІК

Фота прадастаўлены Таццянай НІКІПОРЧЫК