Увага на якасць ведаў і бяспечныя ўмовы

Важнае Грамадства

Выніковае пасяджэнне савета аддзела адукацыі раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам начальніка аддзела Марыны Лашкоўскай прайшло на Дзятлаўшчыне з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

Падведзены вынікі работы сферы за 2023 і акрэслены задачы на 2024 год.

Усяго ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны працуюць 356 педагогаў, укамплектаванасць амаль 100 %. Установаў дашкольнай адукацыі ў раёне 13, з якіх 8 – дзіцячыя сады. Падвоз дашкольнікаў забяспечаны на 100 %. Па запытах бацькоў працуюць 23 групы кароткачасовага знаходжання (125 дзяцей). Чарга ў дзіцячыя сады адсутнічае. Усяго дашкольнай адукацыяй ахоплена 75,8 % юных жыхароў раёна ад 1 да 6 гадоў. Прадаўжаюцца рэканструкцыя і капрамонты дашкольных установаў. Арганізавана сістэмная работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, якая будзе прадоўжана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі летась скончылі год 2304 навучэнцы. Па выніках выпускной кампаніі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі атрымалі 256 дзевяцікласнікаў (17 – з адзнакай), атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі – 120 адзінаццацікласнікаў і 2 экстэрны (асаблівага ўзору – 19). У вышэйшыя навучальныя ўстановы паступіла 70 % выпускнікоў, з іх на бюджэт – 41 %. Па запатрабаваных спецыяльнасцях функцыянуюць педагагічныя, аграрныя, іншыя класы, арганізаваны адукацыйны працэс па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых і служачых у рамках прадмета “працоўнае навучанне” ў 4 установах адукацыі для 63 навучэнцаў па 5 прафесіях. Для 45 навучэнцаў 11 класаў арганізавана навучанне прафесійнай падрыхтоўцы рабочых і служачых на базе 7 установаў адукацыі. У цэлым навучэнцы 10-11 класаў на 100 % ахоплены прафесійнай і профільнай падрыхтоўкай.

Спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай ахоплены 437 (100 %) дзяцей раёна з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У сацыяльна ненадзейным становішчы ў раёне знаходзяцца 94 дзіцяці з 46 сем’яў. Для бацькоў такіх дзяцей на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра функцыянуе клуб “Формула перамен”. У раёне жыве 38 непаўналетніх са статусам дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Для іх створаны клуб “Зазеркалье”. На базе сацыяльнага прытулка рыхтуецца да адкрыцця “дружалюбны пакой” для дапамогі непаўналетнім.

Звыш аднаго мільёна сродкаў раённага бюджэту было накіравана на рамонты і паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў. Прадаўжаецца аптымізацыя іх сеткі: мяркуецца закрыць Раготнаўскі дзіцячы сад. За справаздачны перыяд выкананы ўсе мінімальныя сацыяльныя стандарты, якія дзейнічаюць у сістэме адукацыі, разам з тым патрабуецца набыццё школьных аўтобусаў, у планах – ухіліць парушэнні, выяўленыя пры абследаванні ўстановаў па пытаннях камфортнага і бяспечнага знаходжання навучэнцаў.

Станоўчым вопытам па паляпшэнні якасці адукацыі і стварэнні камфортных умоваў падзяліліся дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык і загадчыца Новаяльнянскага дзіцячага сада Людміла Піваварчык.

За плённую работу ў 2023 годзе педагогам падзякаваў і пажадаў далейшых поспехаў Аляксандр Бараноўскі.

Прыемным момантам стала ўручэнне ўзнагародаў пераможцам раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы. Сярод установаў дашкольнай адукацыі дыпломам І ступені адзначаны Новаяльнянскі дзіцячы сад, за 2 месца – Гезгалаўскі, за 3 – Казлоўшчынскі. У групе ўстановаў агульняй сярэдняй адукацыі, якія рэалізуюць яшчэ і праграму дашкольнай адукацыі, лідарам стала Вензавецкая сярэдняя школа, на 2 месцы – Хвінявіцкая, на 3 – Жукоўшчынская базавая школа. У групе ўстановаў агульняй сярэдняй адукацыі перамагла Казлоўшчынская сярэдняя школа, другой стала Новаяльнянская, трэцяй – гімназія № 1 горада Дзятлава.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga