Старая інфекцыя новага часу

Грамадства Свежыя навіны

У Беларусі набірае абароты захворванне на адзёр (корь): толькі за студзень у суседнім з намі Лідскім раёне было зарэгістравана 19 выпадкаў з падазрэннем заражэння, на Дзятлаўшчыне сёлета – пакуль ніводнага.

Варта ведаць, што адзёр – высокакантагіёзнае (заразнае) вострае віруснае захворванне, якое перадаецца паветрана-кропельным шляхам пры дыханні, кашлі або чханні, можа прыводзіць да сур’ёзных ускладненняў і нават смерці.

Захварэць можа любы чалавек, але часцей за ўсё адзёр сустракаецца ў дзяцей. Найперш паражае дыхальныя шляхі, а затым распаўсюджваецца па ўсім арганізме, суправаджаецца высокай тэмпературай, кашлем, насмаркам і сыпам па ўсім целе.

Як пазнаць хваробу?

Звычайна выяўляецца праз 10-14 дзён пасля кантакту з вірусам. Да ранніх сімптомаў адносяцца насмарк, кашаль, пачырваненне вачэй і слёзы, дробныя белыя плямы на ўнутранай паверхні шчок. Прыкладна праз 7-18 дзён пасля кантакту з вірусам з’яўляецца сып – звычайна на твары і верхняй частцы шыі. Большасць смяротных зыходаў пры адзёры абумоўлены не самім захворваннем, а ўскладненнямі, звязанымі з ім.

Хто ў групе рызыкі?

Рызыцы інфікавання можа падвергнуцца любы чалавек з аслабленым імунітэтам (у тым ліку непрышчэплены). Найбольшай рызыцы цяжкіх ускладненняў адзёру падвяргаюцца непрышчэпленыя дзеці ранняга ўзросту і цяжарныя жанчыны.

Што рабіць, каб не захварэць?

Найбольш эфектыўным спосабам прафілактыкі адзёру з’яўляецца вакцынацыя насельніцтва. Яна праводзіцца дзецям у 1 год і 6 гадоў. Ва ўзросце да 55 гадоў прышчапляюць асобаў, якія не маюць дакументальных звестак пра вакцынацыю супраць адзёру, перанесеную хваробу (імунітэт пацвярджаецца аналізам крыві).

Тым, хто трапіў у групу кантактных, пры адсутнасці звестак пра вакцынацыю або перанесенае захворванне раім прышчапіцца.

Беражыце сябе і паважайце навакольных людзей: пры з’яўленні сімптомаў захворвання неадкладна звяртайцеся да доктара; своечасова праходзьце планавую дыспансерызацыю.

Мікалай ДЗЯДОВІЧ,
доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga