Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Каб не пераступіць “тонкую грань”

Важнае Грамадства

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх.

Удзельнікі каардынацыйнага савета прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы двух дзяцей з адной сям’і. Членамі камісіі была разгледжана пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні на школьніка, які не дасягнуў узросту, калі надыходзіць адказнасць за здзейснены ім супрацьпраўны ўчынак; разгледзелі таксама выкананне мерапрыемстваў плана абароны правоў і законных інтарэсаў двух непаўналетніх, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, ацанілі магчымасць вяртання іх у біялагічную сям’ю – для прыняцця канчатковага рашэння дакументы накіраваны ў суд; з бацькамі, чацвёра дзяцей якіх знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, правялі прафілактычную размову з-за пагаршэння сітуацыі ў сям’і, расказалі, што пачаты збор дакументаў на прызнанне непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, адзіны шанц не дапусціць адабрання – лячэнне ад алкагольнай залежнасці.

“Гарачая” тэма

Праблема прафілактыкі шкодных звычак і залежнасцяў не новая, на яе скіраваны асноўныя намаганні адказных службаў, педагогаў, псіхолагаў. Самае цеснае знаёмства з фактарамі рызыкі пачынаецца яшчэ са школьнай парты. На жаль, сваіх настаўнікаў уважліва слухаюць не ўсе вучні.

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама была разгледжана пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні на школьніка нашага раёна, які не дасягнуў узросту адказнасці. Яго супрацьпраўны ўчынак аказаўся не зусім тыповым для Дзятлаўшчыны. Падлетак у сацыяльных сетках хацеў прадаць свой наручны гадзіннік, спісаўся з незнаёмым патэнцыйным пакупніком. Замест грошай дарослы прапанаваў хлопцу “бартар” – памяняць тавар на некурыльны тытунёвы выраб. Здзелка адбылася недалёка ад школы. Падлетак не прыдумаў нічога лепшага, як пакласці незвычайную аплату сабе ў рукзак і пайсці вучыцца. На занятках яму прыйшла ідэя, як зарабіць кішэнныя грошы. Для гэтага юны бізнесмен накіраваўся да навучэнцаў малодшых класаў, якім меркаваў прапанаваць гэты некурыльны тытунёвы выраб. На шчасце, аператыўна спрацавалі педагогі і адміністрацыя школы. Ніхто з дзяцей не пакаштаваў рэчыва, а гора-прадавец аказаўся ў міліцыі. Дзякуючы юнаму ўзросту, ён не прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, аднак за парушэнне закона паўстаў перад членамі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Ім хлопец расказаў, што раскайваецца і ўжо зразумеў небяспечнасць свайго ўчынку.

Каментарыі па тэме:

Вадзім Бялятка, старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:

– На жаль, для несумленных гандляроў з інтэрнэт-прасторы падобны бізнес вельмі прыбытковы. На віртуальных пляцоўках часта сустракаюцца прапановы, разлічаныя менавіта на маладую ащдыторыю. Сумна, што падлеткі “купляюцца” на разрэкламаваныя пад іх успрыманне “модныя” групы тавараў. Некурыльныя тытунёвыя сумесі – гэта “кручок”, далейшыя прапановы могуць быць яшчэ больш сумніўнымі і небяспечнымі.

Напрыклад, юнаму дзятлаўчаніну пашчасціла двойчы: па-першае ён не дасягнуў узросту адказнасці, таму не будзе пакараны; па-другое, у некурыльнай сумесі экспертыза не выявіла наркатычных рэчываў, інакш давялося б паўстаць перад судом. Цяпер хлопцу трэба брацца за розум, каб не пераступіць “тонкую грань” паміж законнымі і супрацьзаконнымі дзеяннямі. Яго далейшыя паводзіны будуць пад пільным кантролем.

Святлана Залучан, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:

– Шкада, што, нягледзячы на сур’ёзную прафілактычную работу, якую мы праводзім у тым ліку з выездам у школы раёна, навучэнца не засмуціла, што зусім незнаёмы дарослы прапанаваў яму невядомае рэчыва. “Атрымаў” падлетак яго не ў афіцыйным магазіне, дзе тавары праходзяць сертыфікацыю і сур’ёзны кантроль якасці, а таму сумесь магла аказацца нават смяротнай атрутай. “Апрабаваць” яе дзеянне ён мог на малодшых сябрах па школе, шчасце, што дарослыя былі пільнымі і аператыўна зрэагавалі.

Паколькі юнага прадпрымальніка станоўча ахарактарызавалі па месцы вучобы, ён раней не трапляў у поле зроку камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і адказных службаў раёна, а таксама з улікам Закона “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх” індывідуальная прафілактычная работа з хлопцам праводзіцца не будзе.

Аднак і дзецям, і дарослым варта разумець, наколькі сур’ёзнай у гэтым выпадку была сітуацыя рызыкі. Існуе ўсяго “тонкая грань” паміж пачаткам ужывання некурыльных тытунёвых вырабаў, вейпаў, парагенератараў, цыгарэт і першай спробай наркатычных, псіхатропных, іншых адурманьваючых рэчываў. Часам “пераступіць” яе непаўналетніх падштурхоўвае звычайная цікаўнасць.

Пра што варта памятаць бацькам? Пра тое, што яны заўжды павінны заставацца пільнымі. Безумоўна, педагогі ўстановаў адукацыі выконваюць вялікую прафілактычную работу па папярэджанні наркаманіі і незаконнага абароту наркатычных і адурманьваючых рэчываў, прадухіленні супрацьпраўных дзеянняў, адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці непаўналетніх, абароне іх правоў і законных інтарэсаў. Тым не менш без кантролю бацькоў за сваімі дзецьмі, іх вольным часам, інтарэсамі, захапленнямі, стасункамі дабіцца станоўчых вынікаў складана. Па-за сценамі ўстановаў адукацыі непаўналетнія могуць быць уцягнуты ва ўжыванне ці распаўсюджванне псіхаактыўных рэчываў, нават калі самі таго не чакалі.

Слушныя “падказкі” аб папярэджанні наркаманіі і алкагалізму, папулярызацыі здаровага ладу жыцця можна адшукаць на афіцыйных сайтах установаў адукацыі. Такая інфармацыя распаўсюджваецца сярод вучняў і іх бацькоў і праз сацыяльную сетку Instagram, бацькоўскія чаты ў Viber і Telegram.

З улікам патрабаванняў часу аддзелам унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама ў мэсанджары Telegram створаны чат “STOP-наркотык Дзятлава”, дзе патлумачана аб прававых наступствах падобных супрацьпраўных дзеянняў, ёсць прафілактычная інфармацыя антынаркатычнай скіраванасці, якая будзе карыснай кожнаму даросламу.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga