Дзятлаўскі раён – прамысловы: яго прадпрыемствы вырабляюць розныя віды харчовай прадукцыі, якая карыстаецца папулярнасцю па ўсёй Беларусі і нават за мяжой. Аднак набыць тавары мясцовай вытворчасці ў райцэнтры, як аказалася, не заўсёды проста.
Аб гэтым паведаміла дзятлаўчанка, якая звярнулася ў рэдакцыю газеты “Перамога” па вырашэнне пытання:
– Падкажыце, чаму ў прадуктовым магазіне “Пралеска”, размешчаным па вуліцы Леніна ў горадзе Дзятлаве, у дэфіцыце камбікорм вытворчасці Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў, калі яго выпускаюць у нашым раёне?
Зразумела, побач з магазінам немалы прыватны сектар, дзе многія трымаюць свойскую жывёлу. Далёка паехаць, каб купіць камбікорм, людзям бывае складана, хацелася б проста з тачкай прыйсці ў “свой” магазін і папоўніць запас.
Сітуацыю пракаментавала намеснік дырэктара па гандлі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, да чыёй гандлёвай сеткі належыць магазін, Алеся Лазута:
– Сістэма спажывецкага гандлю працуе згодна з пратаколам узгаднення цэн (ПУЦ). Пераважная большасць магазінаў (у тым ліку “Пралеска”) – аўтаматызаваныя: для таго, каб завезці ў іх тавар, мы павінны прапісаць ПУЦ з Гродзенскім аблспажыўтаварыствам. Па той прычыне, што ў кожную наступную партыю камбікорму ўваходзяць новыя дабаўкі, мы не можам падпісаць такі пратакол нават на паўгода. З другога боку, мы не атрымліваем яго ў дастатковай колькасці: калі штомесяц заяўка на 200 мяшкоў – нам адпускаюць каля 40. У гандлёвай сетцы спажывецкай кааперацыі раёна новаяльнянскі камбікорм рэалізуецца ў большасці сваёй праз аўтамагазіны, а таксама ў былым магазіне “Верасок”, дзе ёсць наша вітрына з камбікормам розных вытворцаў, у тым ліку Новаяльнянскага КХП. Дзятлаўчане, якія жадаюць набыць камбікорм па месцы жыхарства, у магазіне “Пралеска”, могуць пакінуць папярэднюю вусную заяўку непасрэдна ў гандлёвым аб’екце або ў адміністрацыі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Пры наяўнасці тавару яна будзе задаволена.
Намеснік дырэктара Новаяльнянскага КХП Юрый Габрусік парыруе тым, што камбінат стараецца задавальняць атрыманыя заяўкі:
– У студзені мы адгрузілі 140 мяшкоў камбікорму для Дзятлаўскага філіяла аблспажыўтаварыства, зараз атрымалі заяўку на 100, якая таксама будзе задаволена. Сітуацыю ўскладняе недахоп уласнай сыравіны, запас якой даводзіцца папаўняць на біржы, адсюль змяненне ў цане гатовай прадукцыі, на што спажывецкая кааперацыя раёна не можа хутка рэагаваць з-за пратакола ўзгаднення цэн. Таксама не выключаем фактар тэхнічных няспраўнасцяў і час на іх ліквідацыю, што можа затрымаць пастаўкі.
Заўважу, што нашу прадукцыю можна набыць не толькі ў спажывецкай кааперацыі. У Наваельні працуе фірменны магазін, адгружаем сваю прадукцыю для ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” і Дзятлаўскага філіяла УП “Гроднааблпаліва”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga