Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па выніках работы за 2023 год стаў лепшым сярод райЦГЭ Гродзеншчыны.
На санітарна-эпідэміялагічным савеце ў Гродне галоўны доктар раёна Алена Шайбак атрымала Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі за дасягнутыя поспехі па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва на абслугоўваемай тэрыторыі. Яна расказала, з чаго складаецца высокі вынік:
– Адзін з ключавых момантаў, на які мы кіруемся ў сваёй дзейнасці, – прафілактыка інфекцыйных захворванняў. Падтрыманне на працягу многіх гадоў аптымальнага ўзроўню ахопу насельніцтва раёна прафілактычнымі прышчэпкамі (не менш за 97 %) дазволіла дасягнуць поспехаў у папярэджанні “кіруемых інфекцый”: у мінулым годзе ў раёне не рэгістраваліся выпадкі захворвання на дыфтэрыю, эпідэмічны паратыт, краснуху, поліяміеліт. У 2023 годзе прышчэплены ад грыпу 6191 чалавек (27,1 % ад агульнай колькасці насельніцтва) пры сярэднеабласным паказчыку 25,1 %. Як ніколі, актуальнай застаецца прафілактыка адзёру (кори). У ходзе падчышчальнай імунізацыі ў Дзятлаўскім раёне неабходна прышчапіць супраць гэтага захворвання 620 чалавек ва ўзросце да 55 гадоў, у ліку першых, хто прышчапіўся, – работнікі аховы здароўя і адукацыі.
– У вашай рабоце прысутнічае не толькі прафілактыка, але і кантроль?
– Так, у 2023 годзе было праведзена 78 маніторынгаў, у працэсе якіх ахоплена 112 суб’ектаў гаспадарання. Нашы спецыялісты прымалі ўдзел у рабоце мабільных і рабочых груп пры райвыканкаме. Па выніках наглядавых мерапрыемстваў выдадзена 159 рэкамендацый і 56 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў. За невыкананне патрабаванняў санітарных нормаў было складзена 44 пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, падрыхтавана 2 прапановы аб прыпыненні (забароне) дзейнасці аб’ектаў. Па выніках праверкі гандлёвай сеткі вынесена 33 прадпісанні аб канфіскацыі з абарачэння тавараў і 36 – іх забароне, прыпынена рэалізацыя амаль 132 кг прадукцыі.
– Ці апраўдаў сябе на Дзятлаўшчыне праект “Здаровыя гарады і пасёлкі”?
– На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна праект рэалізуецца ў горадзе Дзятлаве, у аграгарадку Круцілавічы і гарпасёлку Наваельня. У рамках праекта ў 2023 годзе праведзена 433 мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел больш за 6 тысяч чалавек. Здаровыя пасёлкі цалкам апраўдваюць свой статус, далучаючы людзей да здаровага ладу жыцця, у чым ім дапамагаюць мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы. Напрыклад, у Круцілавічах з фінансавым удзелам кіраўніцтва раёна і ААТ “Граніт-Агра”былі пабудаваны пляцоўкі па міні-футболе і пляжным валейболе, якія актыўна выкарыстоўваюцца мясцовым насельніцтвам, тут праходзяць трэніроўкі і міжраённыя спаборніцтвы.
– Раскажыце пра тых, хто сёння працуе ў Дзятлаўскім райЦГЭ.
– За дасягненнем мэты і паспяховым выкананнем задач, пастаўленых на 2023 год, – праца адказных работнікаў. Калектыў райЦГЭ невялікі, але дружны і эфектыўны, тут працуюць 32 чалавекі. Санітарна-эпідэміялагічны аддзел узначальвае доктар-эпідэміёлаг Мікалай Дзядовіч, які прысвяціў цэнтру без малога 40 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам – 10 памочнікаў доктара-гігіеніста, эпідэміёлага. Значны ўклад у санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт раёна зрабілі нашы работнікі Марыя Шымчык, Аксана Луня, Людміла Глубокая, Людміла Рудзік, Таццяна Касіла, Ганна Багдзевіч. Летась наша каманда папоўнілася двума маладымі спецыялістамі. Хачу выказаць словы ўдзячнасці кожнаму работніку арганізацыі за кампетэнтнасць, адказнасць і любоў да сваёй справы.
Наталля АВЯРЧУК