Чаму МААП – гэта прэстыжна?

Важнае Грамадства

6 лютага – Дзень моладзевых атрадаў аховы правапарадку (МААП).

З гэтай нагоды ў аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама прайшла тэматычная сустрэча праваахоўнікаў са старшакласнікамі гарадскіх установаў адукацыі. У час яе адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым удзельнікам МААП. Рады добраахвотнага фарміравання сёлета папоўнілі 12 школьнікаў і гімназістаў.

– Уступіць у гэта добраахвотнае фарміраванне можна з 14 гадоў, аднак абавязковыя умовы – членства ў Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі і адсутнасць правапарушэнняў, – расказала прадстаўнік раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава. – Удзельнікі атрадаў дапамагаюць работнікам міліцыі сачыць за правапарадкам, у тым ліку ў школах, на дыскатэках, спартыўных, патрыятычных, іншых мерапрыемствах. Члены МААП маюць перавагі пры залічэнні ва ўстановы МУС і на факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі, могуць праходзіць службу ў элітных часцях унутраных войскаў МУС, ільготы для іх устаноўлены і на наведванне трэнажорных залаў, басейнаў, спартыўных аб’ектаў, ёсць перавагі пры працаўладкаванні ў студатрады ў летні час.

– Нярэдка мы запрашаем моладзь з атрадаў у мабільныя групы для патрулявання грамадскіх месцаў, – дапоўніў намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Юшкевіч. – Прафілактычную работу яны будуць праводзіць і сярод сваіх равеснікаў – тлумачыць нормы і патрабаванні заканадаўства аб недапушчэнні правапарушэнняў. Уступленне ў добраахвотнае фарміраванне – гэта яшчэ і выказванне грамадзянскай пазіцыі маладога чалавека. Такое рашэнне сведчыць аб тым, што вы гатовы быць прыкладам для іншых, рабіць свой пасільны ўклад у развіццё і працвітанне Айчыны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: