Афганістан назаўжды ў нашых сэрцах

Галоўнае Улада

35 гадоў мінула з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Гэты дзень аб’яднаў усіх, хто з баямі прайшоў па горных афганскіх дарогах, годна выканаў свой воінскі абавязак, каго не пашкадавала вайна, адабраўшы жыццё дарагіх і блізкіх людзей.

У гэты памятны дзень у райцэнтры каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам адбыўся мітынг-рэквіем, які сабраў ветэранаў вайны ў Афганістане, прадстаўнікоў раённай улады, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, школьнікаў горада Дзятлава.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падзякаваў воінам-інтэрнацыяналістам за мужнасць, стойкасць і адвагу ў выкананні воінскага абавязку.

– На Дзятлаўшчыне склалася традыцыя 15 лютага збірацца ў гэтым памятным месцы, каб аддаць даніну памяці і павагі нашым землякам, якія выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. 35 гадоў мінула з той пары, калі апошняя калона савецкіх салдат пакінула Рэспубліку Афганістан, у памяці засталіся кадры савецкай хронікі, на якіх баявыя машыны праязджалі мост праз раку Амудар’ю, – узгадаў Андрэй Уладзіміравіч. – Паважаныя воіны-інтэрнацыяналісты, сёння мы выказваем словы павагі не толькі загінулым, але і ўсім тым, хто з гонарам і годнасцю прайшоў гэты шлях. Вы – прыклад для маладога пакалення. Прыміце словы шчырай удзячнасці і пажаданні самага дарагога для нас усіх – мірнага неба і моцнага здароўя вам і вашым блізкім.

Нікога не пакінула раўнадушным кранальнае тэатралізавана-песеннае выступленне, падрыхтаванае вучнямі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Хвілінай маўчання, вянкамі і кветкамі ўшанавалі прысутныя памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў і ўсіх салдат, якія загінулі ў баях.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: