Змястоўна пра электаральную кампанію і развіццё раёна

Важнае Улада

На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца сустрэчы кіраўніцтва раёна і дэпутацкага корпусу з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства.

Дзятлаўчанам расказваюць аб асаблівасцях электаральнай кампаніі 2024 года і выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна за мінулы год.

З калектывам сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” сустракаліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, старшыня Дзятлаўскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Маркушэўскі.

– Праз месяц, 25 лютага, у Беларусі пройдзе адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, – адзначыла Вольга Рагачова. – У Дзятлаўскі раённы Савет дэпутатаў будуць выбраны 25 дэпутатаў, у Гродзенскі абласны – 2, у сельскія Саветы раёна – 77, па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 наш раён і частку Лідскага ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь будзе прадстаўляць адзін дэпутат. З 31 студзеня пачнецца этап агітацыі, калі кандыдаты ў дэпутаты будуць сустракацца з выбаршчыкамі, папулярызаваць свае праграмы праз сайты мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, сродкі масавай інфармацыі, выкарыстоўваць іншыя, дазволеныя законам формы папулярызацыі.

Аб тым, што выбары – гэта форма ўдзелу дарослых грамадзян Рэспублікі Беларусь у кіраванні дзяржавай, удзельнікам сустрэчы нагадаў Аляксандр Бараноўскі і заклікаў іх прыйсці на ўчасткі для галасавання. Выбраныя сёлета дэпутаты ў наступныя 5 гадоў будуць прымаць законы, па якіх стане жыць уся наша Беларусь.

Аляксандр Станіслававіч таксама спыніўся на асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўшчыны ў 2023 годзе.

– На працягу апошніх гадоў наш раён стабільна і паспяхова развіваецца, аб чым сведчыць яго занясенне па выніках 2022 года на Рэспубліканскую дошку гонару, а мінулы год па лічбах быў яшчэ больш паспяховым, – падкрэсліў ён. – Тэмп росту прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў склаў 109,7 % да ўзроўню 2022 года, экспарт тавараў – 134 %, тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал – 128 %, будаўніча-мантажных работ – 200,5 %, аб’ём рознічнага тавараабароту 105 %, валавы збор збожжавых і зернебабовых склаў 80,7 тысячы тон. Больш за 75 % бюджэту траціцца на сацыяльную сферу. Праз мясцовую газету вы самі адсочваеце, колькі ў нас робіцца: рамантуюцца дарогі, жылы фонд, школы, аб’екты сацыяльнага прызначэння, Дзятлаўшчына прыгажэе. Наша з вамі задача, каб так было і надалей.

– Работнікі сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у выбарах, – адзначыў Аляксандр Маркушэўскі. – Паспяховыя яны і ў вытворчай дзейнасці.

Аляксандр Віктаравіч падзякаваў гасцям за змястоўнае выступленне і пажадаў работнікам усяго найлепшага.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: