Злачынстваў стала менш

Важнае Здарэнні і бяспека

У раённым аддзеле Следчага камітэта прайшла аператыўная нарада, прысвечаная падвядзенню вынікаў работы за 2023 год і адзінаму дню галасавання, які пройдзе ў нашай краіне 25 лютага.

У мерапрыемстве прымалі ўдзел начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці генерал-маёр юстыцыі Эдуард Маліноўскі, намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, супрацоўнікі аддзела.

Вольга Мікалаеўна пазнаёміла прысутных з новаўвядзеннямі сёлетняй электаральнай кампаніі, растлумачыла нюансы выбарчага заканадаўства.

Аб тым, як спрацаваў райаддзел Следчага камітэта, расказала яго кіраўнік Таццяна Пратаковіч:

– Па выніках 2023 года можна адзначыць зніжэнне крымінагеннай абстаноўкі ў раёне на 10 % – з 229 да 206 зарэгістраваных злачынстваў. Увага супрацоўнікаў аддзела была засяроджана на павышэнні эфектыўнасці і выніковасці следчай работы. Так, на разглядзе знаходзілася 269 заяваў і паведамленняў аб злачынствах, распачата 194 крымінальныя справы, завершана расследаванне па 91 справе. Па матэрыялах праверак следчымі было вынесена 96 прадстаўленняў аб ліквідацыі прычын і ўмоваў, якія спрыяюць здзяйсненню злачынстваў, па выніках іх разгляду 10 службовых і 10 іншых асобаў прыцягнуты да дысцыплінарнай або матэрыяльнай адказнасці.

Таццяна Аляксандраўна заўважыла, што па-ранейшаму сярод прыярытэтаў у рабоце следчых – забеспячэнне законнасці пры здзяйсненні дасудовай вытворчасці, рэалізацыя прынцыпу няўхільнасці адказнасці, узаемадзеянне з іншымі праваахоўнымі органамі, аператыўнае рэагаванне на заявы аб злачынствах, якія паступаюць ад насельніцтва, павышэнне выніковасці не толькі ў іх раскрыцці, але і кампенсацыі нанесенай шкоды, прафілактыка злачыннасці.

Падводзячы вынік работы падраздзялення ў 2023 годзе, начальнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці падзякаваў супрацоўнікам Дзятлаўскага аддзела за службу, адзначыў, што калектыў прымае належныя меры па выкананні задач, якія стаяць перад ведамствам. Эдуард Маліноўскі нацэліў кіраўніцтва і супрацоўнікаў райаддзела Следчага камітэта на якасную і эфектыўную работу ў бягучым годзе. Таксама Эдуард Віктор’евіч нагадаў аб важнай падзеі, якая чакае ўсіх беларусаў у лютым, заклікаў калег захоўваць актыўную грамадзянскую пазіцыю, прыйсці і прагаласаваць на выбарах дэпутатаў, разам з землякамі спрыяць росквіту дабрабыту Рэспублікі Беларусь.

 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga