Моладзь і выбары. Якой будуем “Беларусь будучыні”?

Галоўнае Грамадства

Такую тэму абмеркавалі ўдзельнікі дыскусійнай платформы, якая 24 студзеня ладзілася ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы.

Форум быў скіраваны на далучэнне моладзі да дэпутацка-парламенцкай дзейнасці, развіццё прававой і палітычнай культуры падрастаючага пакалення, азнаямленне з асаблівасцямі электаральнай кампаніі-2024.

Разумеючы важнасць правядзення інфармацыйна-асветніцкай работы ў моладзевым асяроддзі, на тэму выбарчых працэсаў з маладымі жыхарамі Дзятлаўшчыны паразмаўлялі эксперты – старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, старшыня моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, член моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Вікторыя Тыць, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

З імі сустракаліся члены вучнёўскага моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў на чале з каардынатарам Ірынай Мішчанка і члены парламента з ліку працоўнай моладзі.

Вікторыя Тыць расказала, што галоўная задача моладзевага парламента – далучэнне падрастаючага пакалення да палітычнага жыцця Беларусі, пераемнасць, абмен вопытам і ідэямі, таму вучыцца, развівацца, быць актыўнымі важна заўжды.

Спікеры адзначылі, што моладзевы парламент – гэта кансультатыўна-дарадчы орган пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, таму ён можа ўносіць папраўкі і прапановы ў законапраекты, у тым ліку і ў галіне моладзевай палітыкі, і вельмі важна далучаць да гэтага актыўных маладых беларусаў.

Вольга Рагачова спынілася на новаўвядзеннях выбарчага заканадаўства. Расказала пра адзіны дзень галасавання, патлумачыла яго перавагі і асаблівасці, закранула іншыя змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Другая частка форуму была прысвечана адказам экспертаў на пытанні моладзі.

Мацвей Глускі: чаму сучаснай моладзі важна прывіваць прававую і палітычную актыўнасць?

Вольга Рагачова: ад прававой адукаванасці і палітычнай актыўнасці моладзі залежыць будучыня Беларусі. Каб яна была паспяховай, неабходна не толькі ведаць законы сваёй краіны, але і ўмець правільна выкарыстоўваць іх на практыцы.

Станіслаў Якаўчык: чаму падрастаючаму пакаленню трэба быць актыўнымі грамадзянамі краіны?

Аляксандр Бараноўскі: у жыцці важна ставіць амбіцыёзныя задачы. Для моладзі гэта – паступіць у ВНУ, атрымаць прэстыжную прафесію. Цяпер вам неабходна старанна вучыцца, папаўняць свой кругагляд, самаўдасканальвацца. Працоўнай моладзі – быць актыўнымі на сваіх месцах, каб заўважылі, уключылі ў рэестр кіруючых кадраў, каб склалася кар’ера. Калі з гэтай пазіцыі разглядаць палітычную дзейнасць і выбары, то – гэта форма ўдзелу дарослых грамадзян Беларусі ў кіраванні дзяржавай. Мы выбіраем людзей, якія будуць прымаць рашэнні, ад якіх будзе залежыць і наша жыццё, і краіны ў цэлым. Моладзевы парламент таксама скіраваны на прывіццё маладым людзям актыўнай жыццёвай пазіцыі, каб яны ўключалася ў палітычнае жыццё, раслі годнымі грамадзянамі сваёй Айчыны і ў далейшым праслаўлялі і развівалі яе.

Анастасія Шавель: чаму важна развіваць моладзевы парламентарызм?

Кацярына Хілімончык: бо ён фарміруе ў падрастаючага пакалення запатрабаваныя якасці і навыкі. Яны выпрацоўваюцца і за кошт удзелу ў мерапрыемствах “Лідар года”, “Піянер года” і іншых, у школьным самакіраванні. Усё гэта “прыступкі”, якія вядуць да лідарства, да прафесіі, да справы жыцця, а будучыню Беларусі будаваць маладым. Члены моладзевага парламента атрымліваюць паняцці, як фарміруюцца законы, адбываюцца тыя ці іншыя працэсы ў нашай дзяржаве. З гэтай нагоды хачу прарэкламаваць яшчэ і праект “БРСМ”, які стартаваў 18 студзеня, – “Азбука грамадзяніна”. У даступнай форме, праз лекторыі і дзелавую гульню ён закліканы паказаць моладзі, як працуе выбарчая сістэма, ажыццяўляецца законатворчая дзейнасць. Мерапрыемствы праекта будуць праходзіць на Дзятлаўшчыне да 23 лютага.

Таццяна Дзедава: якія актуальныя тэмы і пытанні абмяркоўваюцца на пасяджэннях моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь?

Вікторыя Тыць: часцей нас запрашаюць на пасяджэнні Савета Рэспублікі. Там мы прысутнічаем як маладыя прадстаўнікі і далучаемся да тых працэсаў, якія праходзяць у краіне, па якіх прымаюцца рашэнні, распрацоўваюцца заканадаўчыя праекты, гэта вельмі шырокі спектр жыццядзейнасці нашага грамадства. Калі ж сустракаемся са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, абмяркоўваем з ёй найбольш важныя для моладзі пытанні. Яшчэ раз хачу падкрэсліць значнасць моладзевага парламентарызму, які са школьнай парты дапамагае вучыць юных грамадзян палітычнай дзейнасці, фарміруе тыя навыкі, якія ў будучым дапамогуць не толькі рабіць правільны выбар, але і рухаць краіну наперад.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: