Алкагалізм – гэта не толькі адна з вялікіх праблем сучаснага грамадства, але і найперш небяспечнае захворванне, якое можа прывесці да кепскіх наступстваў.
Лячэнне – толькі ў руках саміх людзей, але дзяржава не пакідае сам-насам у змаганні з навалай. Аб тым, дзе і якім чынам шукаць дапамогу людзям, залежным ад алкаголю, расказаў доктар псіхіятр-нарколаг Дзятлаўскай ЦРБ Барыс Отчык.
– Барыс Аляксандравіч, з якімі праблемамі прыходзяць да вас на прыём?
– У наркалагічны кабінет райпаліклінікі звяртаюцца або могуць звярнуцца людзі, якія адчуваюць стан, выкліканы працяглым злоўжываннем спіртнымі напоямі (так званым запоем) або людзі, якія не выпіваюць у дадзены момант, але адчуваюць цягу да алкаголю, якую не могуць пераадолець самастойна і хочуць з прафілактычнай мэтай прайсці курс лячэння.
– Што рабіць, калі з запою самастойна не выйсці?
– Людзей, якія трапляюць у бальніцу ў вострым стане (сіндром адмены на фоне ўжывання алкаголю), пасля асноўных абследаванняў, аналізаў і тэсту на COVID мы накіроўваем у наркалагічнае аддзяленне абласной псіханеўралагічнай бальніцы “Астроўля” Лідскага раёна, дзе іх выводзяць з крытычнага стану. Востры стан лечыцца ў сярэднім каля тыдня, пасля чаго пры наяўнасці цягі да алкаголю прапануецца бясплатны курс рэабілітацыі ў наркалагічным аддзяленні рэабілітацыі залежных на працягу 27 дзён. Таксама гэты курс могуць прайсці людзі, якія звяртаюцца па прафілактычнае лячэнне. Аналагічнае аддзяленне ёсць у Гродзенскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія”, дзе таксама можна бясплатна прайсці курс, звярнуўшыся за накіраваннем па месцы жыхарства або непасрэдна ў цэнтр.
– Ці можна пралячыцца ад алкагалізму ў Дзятлаўскай ЦРБ?
– У раённай бальніцы паслугі па лячэнні алкагалізму і вывядзенні з запою не аказваюцца, за выключэннем ускладненых станаў адмены – сутаргі або алкагольны псіхоз (“белая гарачка”). У такім выпадку пацыенты шпіталізуюцца ў аддзяленне рэанімацыі, пасля чаго могуць па ўласным жаданні пакінуць медыцынскую ўстанову або прадоўжыць лячэнне ў спецыялізаваным аддзяленні профільнай бальніцы.
– Дзе можна закадзіравацца ад алкагольнай залежнасці?
– Напачатку заўважу, што працэдура кадзіравання ад залежнасці строга добраахвотная і заўсёды платная. Кадзіраванне звычайна праводзіцца па метадзе “падшыўкі” (увядзенне прэпарата) і эмацыянальна-стрэсавая псіхатэрапія па метадзе Даўжэнкі. У Дзятлаўскім раёне на сёння такія паслугі не аказваюцца. Аднак працэдуру можна прайсці ў названых вышэй бальніцы “Астроўля” і клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія” ў Гродне або ў прыватных спецыялістаў.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga