Ведаеш дарожныя правілы – не парушай!

Важнае Здарэнні і бяспека

На дарогах Дзятлаўшчыны ў 2023 годзе загінулых не зарэгістравана, траўмы ў дарожна-транспартных здарэннях атрымалі 10 чалавек.

Статыстыка сведчыць, што з усіх відаў траўматызму найбольш небяспечным з’яўляецца менавіта дарожны.

Дзятлаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта па ўсіх крымінальных справах, узбуджаных па фактах аварый, устанаўліваліся прычыны і ўмовы, якія прывялі да гэтых здарэнняў. Сярод іх былі: перавышэнне хуткасці  руху, неналежныя паводзіны ў экстранных сітуацыях, парушэнне правілаў абгону, няўважлівае кіраванне транспартнымі сродкамі, а таксама ў стане алкагольнага ап’янення.

Дарожна-транспартныя здарэнні ўчыняліся як па віне вадзіцеляў і веласіпедыстаў, так і пешаходаў: пераход праезнай часткі ў нявызначаным месцы, ігнараванне сігналаў рэгулявання дарожнага руху, недысцыплінаванасць, алкагольнае ап’яненне.

На прафілактыку негатыўных з’яваў на дарозе скіраваны комплекс мерапрыемстваў “Увага – дзеці!”, які рэалізуецца ў пачатку і канцы навучальнага года. У Беларусі ўзмоцнены меры адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Вядзецца шырокая тлумачальная работа па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму.

Аднак варта памятаць, што, якія б меры ні прымаліся дзяржаўнымі органамі, вельмі многае пры захаванні жыцця і здароўя залежыць ад саміх грамадзян. Дзеці і дарослыя павінны ведаць аб наступствах неабдуманых учынкаў на дарозе, быць уважлівымі і асцярожнымі не толькі ў экстрэмальных умовах, але і ў паўсядзённым жыцці. А правілы дарожнага руху створаны для таго, каб захаваць яго ўдзельнікаў ад бяды.

Аляксей КЛОК,
следчы раённага аддзела Следчага камітэта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga