Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх.
Па выніках сацыяльнага расследавання ўдзельнікі каардынацыйнага савета прызналі чацвёра дзяцей з адной сям’і ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Членамі камісіі разгледжана пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на школьніка, які не дасягнуў узросту, з якога надыходзіць адказнасць за здзейснены ім супрацьпраўны ўчынак. Таксама члены камісіі прынялі рашэнне аб прызнанні маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне юнага жыхара раёна, якога маці гадуе адна і пры гэтым некалькі месяцаў не працуе, дазваляе сабе злоўжыванне алкагольнымі напоямі.
“Гарачая” тэма
Паводзіны непаўналетняй дзятлаўчанкі, цяпер навучэнкі аднаго з каледжаў нашай вобласці, сталі прычынай правядзення сацыяльнага расследавання ў сям’і дзяўчыны. Па выніках яго спецыялістамі службаў прафілактыкі ў адносінах да бацькоў устаноўлены факты, якія пацвярджаюць, што дарослыя не кантралююць паводзіны і месцазнаходжанне дачкі, таму яна ўчыніла правапарушэнні і з ёю, згодна з заканадаўствам, пачата індывідуальная прафілактычная работа.
Дзяўчына дапускае пропускі па месцы вучобы без уважлівых прычынаў і супрацьпраўныя ўчынкі. Здаралася, што блізкія думалі, быццам дачка на занятках, у той час як яна знаходзілася ў сяброўкі і не выходзіла на сувязь па тэлефоне. Паколькі ёсць крытэрыі недабрабыту і падобныя паводзіны юнай дзятлаўчанкі ўжо ўвайшлі ў сістэму, члены каардынацыйнага савета райвыканкама прынялі рашэнне аб прызнанні яе ў сацыяльна ненадзейным становішчы. На жаль, паводле патрабаванняў заканадаўства, у след за сястрой-парушальніцай у сацыяльна ненадзейнае становішча трапілі і трое іншых дзяцей. З сям’ёй пачата работа, усе чацвёра непаўналетнія будуць пад пільным кантролем спецыялістаў службаў прафілактыкі.
Каментарыі па тэме
Святлана Залучан, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:
– У лістападзе 2022 года непаўналетнія з гэтай сям’і прызнаваліся маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Прычынамі паслужылі ў тым ліку ўстаноўленыя факты, якія сведчылі аб тым, што бацькі не кантралююць паводзіны і месцазнаходжанне сваіх дзяцей, за што дарослыя прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.
Ужо на той час старэйшая дачка дапусціла правапарушэнне – крадзеж грошай. Цяпер сітуацыя з адабраннем можа паўтарыцца, калі дарослыя не прымуць адпаведных мераў і не памяняюць сваіх падыходаў па выхаванні дзяўчыны, кантролі за яе паводзінамі і адсутнасцю.
Ёсць і яшчэ адзін варыянт “разгортвання” падзей: вольны і бескантрольны лад жыцця падлетка, схільнасць да супрацьпраўных учынкаў таксама могуць паслужыць законнай падставай для накіравання такога непаўналетняга ў спецыяльную вучэбна- ці лячэбна-выхаваўчую ўстанову. У нашым выпадку навучэнка каледжа, калі не возьмецца за розум, рызыкуе трапіць зусім у іншую навучальную ўстанову.
Акцэнтуючы ўвагу на актуальнасці тэмы, усім бацькам Дзятлаўскага раёна нагадваю, што сямейнае выхаванне напрамую ўплывае на сацыяльныя навыкі дзіцяці і закладвае аснову для яго будучыні.
Кацярына Ляўкевіч, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава:
– Менавіта ў сям’і фарміруецца і развіваецца асоба дзіцяці, адбываецца вывучэнне мадэляў паводзінаў, неабходных для сацыялізацыі ў грамадстве. У той жа час сям’я можа выступаць і як адмоўны фактар у развіцці і выхаванні непаўналетняга. Бацькам неабходна памятаць, што працэс выхавання не ажыццяўляецца сам па сабе. Для поспеху ў гэтай справе неабходна прыкладаць пэўныя намаганні і пастаянна займацца самавыхаваннем і самаадукацыяй.
Па-першае, бацькі павінны прымаць дзіця такім, якое яно ёсць, з яго праблемамі і патрэбамі. Дзіця павінна адчуваць эмацыянальную блізкасць з бацькамі з самага ранняга ўзросту.
Па-другое, бацькі павінны фармуляваць для саміх сябе мэты выхавання свайго дзіцяці. Мэта і матыў – гэта яго шчаслівае, паўнацэннае, творчае, карыснае грамадству жыццё. На стварэнне такога жыцця і павінна быць скіравана сямейнае выхаванне.
Па-трэцяе, дзіця не павінна бачыць супярэчнасцяў у пазіцыях бацькоў: абмяркоўваць пытанні выхавання лепш пры яго адсутнасці.
Выхаванне дзіцяці – працэс, які развіваецца ў рамках сямейнага жыцця і складаецца з формаў узаемадзеяння, якія пастаянна мяняюцца. Бацькі, прымаючы любое рашэнне, павінны на першае месца ставіць не ўласны камфорт, а інтарэсы дзіцяці.
Галоўнай умовай сямейнага выхавання з’яўляецца цэласнасць і адзінства сям’і як групы. У сям’і, дзе прысутнічаюць любоў, павага, узаемаразуменне, пастаянства і адзінства патрабаванняў, імкненне без сварак і канфліктаў вырашаць праблемы, выхаванне дзяцей будзе паспяховым.
На базе нашай установы функцыянуе раённы клуб для бацькоў “Формула перамен”. У рамках яго дзейнасці разглядаюцца асноўныя аспекты, звязаныя з выхаваннем і развіццём дзяцей.
Нашы спецыялісты заўсёды гатовы аказаць неабходную кансультацыйную дапамогу. Калі ў вас узніклі складанасці ва ўзаемаадносінах з дзіцем, вы можаце звяртацца ў сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga