Праз некалькі дзён пачнецца этап агітацыі

Важнае Улада

З насельніцтвам Дзятлаўшчыны па месцы жыхарства і ў працоўных калектывах прадаўжаюцца сустрэчы кіраўніцтва раёна.

Людзям расказваюць аб асаблівасцях электаральнай кампаніі-2024 і выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год.

Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская сустрэлася з жыхарамі Данілавіцкага сельскага савета.

– Наша краіна ўсё бліжэй падыходзіць да важнай падзеі 2024 года –адзінага дня галасавання, які адбудзецца 25 лютага, калі будуць выбраны дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, – адзначыла Вольга Антонаўна. – Наступным крокам 4 красавіка будзе вызначэнне саставу Савета Рэспублікі, а да 18 красавіка аб’явяць яшчэ і вынікі выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Па сутнасці, на працягу двух месяцаў будуць сфарміраваны органы прадстаўнічай улады на бліжэйшыя пяць гадоў. Мы ўжо пераадолелі такі этап, як вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, а з 31студзеня па 24 лютага пачнецца перадвыбарчая агітацыя.

 

Вольга Жэлезоўская нагадала жыхарам сельсавета, што калі яны прыйдуць на выбарчы ўчастак у час датэрміновага ці ў адзіны дзень галасавання, то кожны выбаршчык сельскай мясцовасці атрымае 4 бюлетэні, паколькі будзе выбіраць яшчэ і за дэпутатаў мясцовага Савета.

Сваё выступленне намеснік старшыні дапоўніла вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна ў 2023 годзе. Падкрэсліла, што яно паспяховае: бюджэт склаўся з прафіцытам. Як і раней “ільвіную” долю, каля 80 % бюджэтных сродкаў, мяркуецца патраціць на сацыяльную сферу.

Часова выконваючы абавязкі старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ігар Кухарэвіч заклікаў прысутных быць актыўнымі на выбарах і падтрымаць дастойных кандыдатаў, бо гэта той час, калі кожны дарослы беларус стварае будучыню краіны не толькі для сябе, але і для падрастаючага пакалення, і важна, каб яна была мірнай, спакойнай, шчаслівай. Ігар Станіслававіч папярэдзіў удзельнікаў сустрэчы і аб правілах паводзінаў у сацыяльных сетках. Адзначыў, што некаторыя людзі з банальнага інтарэсу могуць чытаць забароненыя каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі. За гэта крымінальная і адміністрацыйная адказнасць не пагражае. Аднак падпіска на іх і захоўванне на асабістых старонках у сацыяльных сетках або месенджарах спасылак на тэлеграм-каналы, чаты з рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх юрыдычна лічыцца элементам папулярызацыі і распаўсюджвання экстрэмісцкай інфармацыі і прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: