Прафесія ваеннага – гэта не толькі ганарова, прэстыжна, але і цікава

Галоўнае Грамадства

Дзе вучаць на абаронцаў Айчыны, навучэнцы школ нашага раёна даведаліся ў час вялікага прафарыентацыйнага мерапрыемства, якое прайшло ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

На сустрэчу са школьнікамі прыбылі прадстаўнікі ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці, воінскіх часцей, ваенных факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і 815-га цэнтра матэрыяльнага забеспячэння горада Баранавічы.

Гасцей сустрэчы павітаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец:

– Паважаныя выпускнікі, наперадзе ў вас – выбар справы жыцця, і вы можаце рэалізавацца ў любой сферы народнай эканомікі. Аднак сярод іншых ёсць асаблівая, пачэсная прафесія – Радзіму абараняць. Аб тым, як і дзе яе можна атрымаць, у час сённяшняй сустрэчы раскажуць спецыялісты.

Гасцей дзятлаўчане сустрэлі прэзентацыяй свайго раёна і школьнай работы па ваенна-патрыятычным выхаванні. Візітную картку Дзятлаўшчыны прадставілі юныя ўдзельнікі клуба “Мужнасць” Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Аб тым, як стаць ваенным, паступіць у вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы расказалі начальнік групы арганізацыі адбору на ваенную службу ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці старшы лейтэнант Вікторыя Палтарацкая і прадстаўнікі ваенных факультэтаў беларускіх універсітэтаў.

– Такія мерапрыемствы з’яўляюцца ўвасабленнем таго клопату, які праяўляе дзяржава ў выхаванні падрастаючага пакалення, яго адукацыі, падрыхтоўцы з маладых грамадзян нашай рэспублікі сапраўдных патрыётаў, намаганнямі якіх краіна будзе станавіцца моцнай і квітнеючай. Вам выпала вялікае шчасце жыць і расці ў нашай цудоўнай Беларусі – краіне, дзе асновай з’яўляецца рост дабрабыту народа, дзе ёсць мір і стабільнасць. Шануйце гэта і будзьце дастойнымі прадаўжальнікамі справы сваіх бацькоў, дзядоў – усіх тых, хто сваёй працай стварыў для вас выдатныя магчымасці жыць і вучыцца пад мірным небам Рэспублікі Беларусь, – адзначыла Вікторыя Палтарацкая.

Выступоўцы пазнаёмілі школьнікаў з адрозненнямі і перавагамі ваенных ВНУ краіны. Выпускнікам ваенных установаў прадастаўляюцца поўнае матэрыяльнае забеспячэнне, дастойныя зарплаты, магчымасць атрымання ўласнага жылля, правоў вадзіцеля і многае іншае. Спецыялісты падрабязна растлумачылі парадак паступлення: якія прадметы неабходна здаваць, як падрыхтавацца да экзамену па фізічнай падрыхтоўцы, медыцынскага агляду, субяседавання.

Старшакласнікам расказалі, што адукацыю ваеннага можна атрымаць не толькі ў Беларусі, але і ў шматлікіх навучальных установах Расійскай Федэрацыі, пры гэтым вы станеце ваеннаслужачым Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і будзеце служыць на Радзіме.

Асаблівыя словы для школьнікаў знайшоў наш зямляк, начальнік цыкла “Тактыка і агульнавайсковая падрыхтоўка” ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ, ураджэнец аграгарадка Гезгалы Міхаіл Капковіч, які 24 гады таму сам выбраў прафесію ваеннага.

Каб сустрэча была не толькі павучальнай, але і цікавай, для маладых людзей правялі віктарыны і конкурсы, за ўдзел у якіх школьнікам уручылі салдацкі “сухпаёк”.

У фае Цэнтра культуры і народнай творчасці працавалі тэматычныя пляцоўкі, на якіх моладзь пазнаёмілі з узорамі ўзбраення, работай спецыяльнай тэхнікі, жадаючыя мелі магчымасць пастраляць у ціры, пагутарыць з ваеннымі  і зрабіць фота на памяць аб сустрэчы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: