Новы год – з новага рэкорда

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

2024 год для жывёлагадоўлі Дзятлаўшчыны пачаўся з добрых навінаў – валавы надой малака ў дзень перасягнуў лічбу ў 200 тон, тым самым поўнасцю задаволіўшы патрэбы ў сыравіне Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення – начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ірыны Грыбінюковай, такое істотнае дасягненне – вынік мэтанакіраванай работы ў жывёлагадоўлі раёна на працягу некалькіх гадоў.

– Мінулы год для жывёлагадоўлі раёна склаўся вельмі паспяхова. Валавы надой малака па раёне – 66 787 тон (115 % да ўзроўню 2022 года), гадавы надой малака на адну карову склаў 6271 кг пры прагнозе 5800 кг, што на 662 кг больш за ўзровень 2022 года. Яшчэ больш істотны гэты вынік у рэтраспектыве: у 2021 годзе на адну карову даілі ў год 4780 кг, у 2022-м – 5609 кг. Такім чынам, прыбаўка па малацэ за тры апошнія гады склала 1491 літр, гэта лічба ўражвае і радуе. Дзятлаўскі раён увайшоў у дзясятку мацнейшых па надоі малака. Лідарамі сярод гаспадарак раёна з’яўляюцца ААТ “Граніт-Агра” (надой на карову 7385 кг – вышэйшы за сярэднеабласны паказчык), КСУП “Жукоўшчына” (7234 кг), КСУП “Хвінявічы” (6771 кг).

– Што паспрыяла такім вынікам?

– Усё атрымалася дзякуючы таму, што змянілася кармавая база: большасць гаспадарак раёна перайшлі на аднатыпнае круглагадовае кармленне; у рацыёне кароў і маладняку выкарыстоўваюцца гатовыя камбікармы спецыяльнага прызначэння вытворчасці Новаяльнянскага КХП, якія прадпрыемства вырабляе на давальчай аснове, таксама было нарыхтавана 37,6 кармавых адзінак на ўмоўную галаву (на 0,6 больш за леташні паказчык). Якасць кармоў кантралявалася ветэрынарнай станцыяй на этапе нарыхтоўкі, усе яны 1 і 2 класа. Кіраўнікі гаспадарак прынялі слушнае рашэнне аб абавязковым выкарыстанні ў рацыёне жывёлы мінеральных дабавак, немалаважным з’яўляецца і дакладнае выкананне патрабаванняў тэхналагічнага рэгламенту пры кармленні. Яшчэ адзін складнік высокага выніку – селекцыя: за 2023 год атрымана 73 галавы прыплоду на 100 кароў (на 3 больш да 2022 года).

– Наколькі важная мадэрнізацыя жывёлагадоўлі, найперш – будаўніцтва новых МТК?

– Увядзенне ў строй малочнатаварных комплексаў істотна ўплывае на агульны вынік: напрыканцы мінулага года ў ААТ “Граніт-Агра” – МТК “Еленка” на 777 кароў з новым абсталяваннем, камфортнымі ўмовамі працы, сёлета чакаецца адкрыццё яшчэ двух. Усё гэта станоўча адбіваецца як на аб’ёме вытворчасці малака, так і на яго якасці.  Заўважу, што гранітаўцы ўжо сёння даюць 116 % росту аб’ёму малака ў параўнанні з мінулым годам, таксама ўсе гаспадаркі “плюсуюць” па надоях малака да ўзроўню мінулага года.

– Куды рэалізуеце прадукцыю?

– За мінулы год таварнасць малака склала 91,2 %, мы рэалізавалі 60 912 тон (111, 5 % да ўзроўню 2022 года): 69 % – гатункам “Экстра”, 23 % – вышэйшым і толькі 7 % – першым гатункам. Усю прадукцыю прадаём у межах свайго раёна – на Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.

– Як справы па іншых пазіцыях?

– Маем прырост у атрыманні валавой прадукцыі вырошчвання: за мінулы год сярэднясутачная прывага склала 627 грам (плюс 53 грамы). Найлепшы вынік у СГФ “АграМілк” (712 грам), ТАА “РоданАграПол” (726). Ва ўсіх гаспадарках раёна працуюць над тым, каб атрымаць большыя прывагі, захоўваюць рацыёны, умовы ўтрымання.

– Хто сёння заняты ў жывёлагадоўлі раёна?

– Нават самыя сучасныя тэхналогіі не заменяць працу людзей, якія выбралі для сябе вельмі няпростую сферу дзейнасці. Высокія паказчыкі – вынік старанняў работнікаў жывёлагадоўчай галіны на ўсіх узроўнях: аператараў машыннага даення, даглядчыкаў, ветэрынарных дактароў заатэхнікаў і іншых спецыялістаў. Хачу выказаць ім словы ўдзячнасці за адданасць прафесіі, штодзённую карпатлівую працу, веру ў сваю справу. Усе знаходзяцца на сваіх месцах, ведаюць і выконваюць абавязкі на высокім узроўні. Сёння ў раёне ёсць вакантныя месцы для спецыялістаў, і мы ўжо прадпрымаем крокі для іх запаўнення: 5 работнікаў гаспадарак раёна па мэтавым накіраванні атрымліваюць спецыяльную адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: