Не праехалі міма чужой бяды

Важнае Здарэнні і бяспека

Кожны раз, калі не застаёмся раўнадушнымі да іншых, адгукаемся словам, справай ці нават невялікай падказкай, мы здзяйсняем нешта надзвычай важнае.

У тым, што інспектары ДАІ – не толькі ахоўнікі парадку на дарогах, але спагадлівыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу, упэўніўся жыхар райцэнтра Мікалай Семянюк:

– У выхадны дзень мы разам з жонкай паехалі на ўласным аўтамабілі на дачу ў вёску Муляры, каб пакарміць катоў і сабаку. Калі вярталіся дадому, ужо прыцямнела. Дарога нячышчаная, вешак няма, складана было зразумець, дзе заканчваецца праезная частка. Мы збіліся са шляху, з’ехалі на ўзбочыну на ўчастку аўтадарогі Дзятлава – Нарбутавічы, каб разабрацца, і не змаглі выехаць. Жонка вярнулася на дачу за рыдлёўкай, каб адкапаць машыну, але ў працэсе аказалася, што наш аўтамабіль увогуле “вісіць” над кюветам: калі сталі капаць, машына яшчэ больш завалілася набок.

Разумеючы, што самі не справімся, я пазваніў у РАНС, а там, пачуўшы, што ў размове фігуруе машына, пераадрасавалі сігнал на міжраённы аддзел ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў.

У хуткім часе каля нас спынілася машына: вадзіцель Максім, які ехаў да родных, пачаў аказваць нам дапамогу. На жаль, яго легкавік не здолеў выцягнуць нашу машыну. Тым часам пад’ехалі інспектары ДАІ, якія распыталі пра сітуацыю і сталі актыўна дапамагаць – разам з намі выштурхвалі, адкопвалі машыну. Аднак і гэта не дало выніку. Тады яны звязаліся з райаддзелам міліцыі, адтуль прыехаў супрацоўнік на аўтамабілі УАЗ, і агульнымі намаганнямі мы справіліся.

Інспектараў ДАІ ў хуткім часе выклікалі на іншае здарэнне ў нашым раёне, але пазней яны званілі, цікавіліся, як мы дабраліся дадому. У мітусні я нават не паспеў запомніць імёны нашых ратаўнікоў, але на наступны дзень сустрэў іх калег у горадзе і распытаў, хто дзяжурыў на Дзятлаўшчыне і дапамог нам. Гэта інспектары дарожна-патрульнай службы Юрый Хільмановіч і Вадзім Данілюк, а таксама міліцыянер-вадзіцель аператыўна-дзяжурнай службы АУС райвыканкама Аляксандр Жых. Мы вельмі ўдзячныя ім за чалавечнасць, спагаду і падтрымку ў крытычны момант.

Наталля АВЯРЧУК

Фота з адкрытых крыніц

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga