7 студзеня праваслаўныя вернікі адзначылі вялікае свята — Нараджэнне Хрыстова, выдатным завяршэннем якога стаў тэматычны канцэрт у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Найлепшым адкрыццём святочнага мерапрыемства быў “Зімні вальс” у выкананні аматарскага аб’яднання “Элитданс”, які настроіў гледачоў на добры сентыментальны лад.
Узгадаў галоўны сэнс свята і павіншаваў з ім усіх дзятлаўчан благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель:
– Цяпер у справе нашага ўратавання чарга за кожным з нас, цяпер нам для ўратавання сваёй душы трэба папрацаваць, адказаць на любоў Божую ўзаемнасцю, палюбіць Бога ўсім сэрцам, усім мысленнем сваім. Жыццё зямное нам дадзена для таго, каб ва ўсёй паўнаце выканаць закон Божы – закон любові. Ад усяго сэрца віншую вас са святам Нараджэння Хрыстова! Жадаю вам у гэтым годзе ад Бога немаўляці Хрыста ўсяго і шмат, а найперш – уратавання душы, бадзёрасці духу, моцы сіл душэўных і цялесных, зямной радасці і няхай святло Віфлеемскай зоркі асвятляе ваш жыццёвы шлях.
На працягу ўсёй святочнай праграмы прафесійныя і самадзейныя артысты радавалі землякоў добра вядомымі музычнымі нумарамі і здзіўлялі навінкамі. Свае зімовыя хіты прадставілі Сяргей Малышчык, Ала Чарняўская, Чэслаў Свіб, Ганна Харлінская, Аляксандра Калмыкова, Алена Касцюк, дуэт Таццяны Шостка і Аксаны Кашляк, да якіх далучыўся з гармонікам выкладчык вакалу СШ № 3 Валянцін Палухін, а яго падапечныя, навучэнкі школы, выканалі цудоўную песню пра Новы год.
– Сёння па-сапраўднаму вялікае свята, якое прынесла надзею на зямлю, пераўвасобіла жыццё ўсіх людзей. Усё змянілася, калі нарадзілася немаўля Ісус, – нагадалі гасцям мерапрыемства вядучыя Анастасія Голуб і Аляксандр Раеўскі. – Пасля гэтага людзі атрымалі надзею, радасць, новы шлях. З Нараджэннем Хрыстовым, сябры! Павіншуйце адзін аднаго.
Па добрай традыцыі гэтым вечарам не абышлося без каляднага розыгрышу, які вызначыўся адразу двума прызамі – мяккай цацкай для маленькай глядачкі канцэрта і электрачайнікам – для дарослай.
Наталля АВЯРЧУК
Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga