ГрадусПлюс. Калі смажаны певень клюне?

Важнае Грамадства

Адной з набалелых праблем для нашага раёна з’яўляецца позняе выяўленне анкалогіі і, гаворачы словамі медыкаў, анказапушчанасць.

Па гэтым паказчыку Дзятлаўшчына, на жаль, з’яўляецца лідарам па Гродзенскай вобласці – 31 % пры сярэднеабласным паказчыку 19,5 %.

Статыстыка, мякка кажучы, непрыемная, ды не спяшайцеся абвінавачваць медыкаў, не разабраўшыся ў пытанні. Спецыялісты не знімаюць з сябе адказнасці, але, як вядома, немагчыма вылечыць таго, хто спяшаецца папоўніць сумную статыстыку.

Думаю, кожны дарослы жыхар раёна сутыкнуўся з такой працэдурай, як дыспансерызацыя (не блытаць з прафаглядам!), якая дазваляе выявіць рызыку хранічных захворванняў сэрца, лёгкіх, цукровы дыябет, анкалогію на ранніх стадыях. Тым не менш чвэрць жыхароў раёна да дыспансерызацыі проста не даходзіць, пэўны працэнт людзей спыняецца на стадыі запаўнення анкеты, пад якой кожны ставіць уласнаручна подпіс, гарантуючы, што давядзе працэдуру да лагічнага завяршэння. Асаблівая ступень бясстрашша (ці неразумнасці?..) – атрымаць заключэнне доктара аб верагоднай праблеме і не пайсці на дадатковае абследаванне.

Прычыны-адгаворкі ў кожнага свае, прадстаўляем наш шорт-ліст:

  1. Пастаянная занятасць на рабоце. Не праблема – працэдуру можна прайсці не толькі ў суботу, калі працуе райпаліклініка, а і ў любы будні дзень, атрымаўшы для гэтага свабодны ад работы аплачваемы дзень, прадугледжаны заканадаўствам.
  2. Не баліць, значыць, усё нармальна. Ды і тут не ўсё так проста, як мы думаем. Спецыялісты райпаліклінікі адзначаюць, што, напрыклад, рак страўніка зусім не баліць, пакуль не пачынае “прарастаць” ва ўнутраныя органы. Тады змагацца з ім ужо позна і ўратаваць пацыента малаверагодна.
  3. Сорамна або нязручна. Пэўная колькасць жанчын, якім прызначаецца мамаграфія, адмаўляюцца або проста не праходзяць яе, бо для абследавання трэба ехаць у Ліду. Пры гэтым Дзятлаўская ЦРБ ладзіць цэнтралізаваны падвоз усіх жадаючых. З другога боку, доктар не можа прымусіць дарослага мужчыну здаць аналіз на наяўнасць крыві ў кале, нават аргументаваўшы тым, што гэта ў выніку можа ўратаваць жыццё. Усё гэта надзвычай важна, не гаворачы ўжо пра тое, што ўсім, хто пакутуе на язву, неабходна рэгулярна рабіць гастраскапію (па-народнаму “глытаць зонд”), пра якую многія людзі з групы рызыкі “ахвотна” забываюць, паколькі працэдура непрыемная.

Вы можаце прадоўжыць наш рэйтынг сваімі, канечне важкімі, прычынамі не ісці на дыспансерызацыю. Але ёсць аргументы, супраць якіх няма чаго заўважыць. Іх агучыла загадчыца райпаліклінікі Наталля Літвінская:

– За 2023 год у раёне было выяўлена 152 выпадкі анкалагічных захворванняў, толькі 7 з іх – у час дыспансерызацыі (1 і 2 стадыі); 145 – на прыёме спецыялістаў, 52 з іх – анказапушчаныя (3 і 4 стадыі захворвання). Лічбы выразна паказваюць: чаканне і позні зварот па медыцынскую дапамогу можа адгукнуцца вельмі сур’ёзнымі наступствамі, у той час як ранняе выяўленне анкалогіі можа прадоўжыць жыццё на многія дзясяткі гадоў.

Яшчэ адной распаўсюджанай праблемай, якую называе Наталля Міхайлаўна, з’яўляецца самалячэнне: доўгі час спрабаваць загаіць ранку на целе або “выпальваць” народнымі метадамі балячкі – гэта проста класіка жанру. Або проста чакаць, калі палягчае, што можа наадварот стаць фатальным.

Наталля АВЯРЧУК

Фота Наталлі АВЯРЧУК і з адкрытых крыніц

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga