Роля, месца, значэнне БССР на сусветнай арэне

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Яшчэ ў час Другой сусветнай вайны кіруючым саставам Савецкага Саюза, ЗША і Англіі было прынята рашэнне аб стварэнні аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі па вырашэнні самых значных сусветных праблем, якая змагла б выступаць гарантам міру і бяспекі на Зямлі, – Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН).

Каб узмацніць свой уплыў на дзейнасць ААН, кіраўніцтва СССР прапанавала прызнаць паўнапраўнымі яе членамі ўсе саюзныя рэспублікі.

Аднак саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі згадзіліся ўключыць у састаў краін-заснавальніц ААН толькі Беларусь і Украіну за іх важкі ўклад у разгром нацызму, вялікія людскія і матэрыяльныя страты.

У маі 1945 года ў Сан-Францыска прадстаўнікі БССР прынялі ўдзел у рабоце канферэнцыі па заснаванні ААН, а 25 чэрвеня беларуская дэлегацыя разам з удзельнікамі з іншых 50 дзяржаваў падпісала Статут ААН, ратыфікаваны Вярхоўным Саветам БССР 30 жніўня 1945 года.

Удзел Савецкай Беларусі ў стварэнні самай прэстыжнай міжнароднай арганізацыі змяніў статус рэспублікі і пашырыў магчымасці яе супрацоўніцтва з іншымі краінамі.

Беларускія дыпламаты актыўна ўключыліся ў работу. Ужо на І сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1946 годзе з ініцыятывы беларускай дэлегацыі была прынята рэзалюцыя аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў, якія ўчынілі злачынствы супраць міру і чалавецтва. Рэзалюцыя патрабавала ад краін-членаў прыняцця самых энергічных мераў па пошуку, арышту і выдачы ваенных злачынцаў тым дзяржавам, на тэрыторыі якіх яны іх ўчынялі.

З цягам часу Савецкая Беларусь стала яшчэ і членам многіх міжнародных спецыялізаваных арганізацый, што дзейнічалі ў рамках ААН: Міжнароднага саюза электрасувязі і Сусветнага паштовага саюза, Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Міжнароднай арганізацыі працы, Арганізацыі ААН па справах адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ).

Першым дыпламатычным прадстаўніцтвам БССР за мяжой стала менавіта Пастаяннае яе прадстаўніцтва пры ААН у 1958 годзе. У 1962-м беларускія прадстаўніцтвы з’явіліся яшчэ і пры Еўрапейскім аддзяленні ААН у Жэневе і пры ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дэлегацыя БССР удзельнічала ў абмеркаванні найбольш значных праблем міжнароднага супрацоўніцтва краін: аб падтрыманні міру, асуджэнні прапаганды вайны, ліквідацыі каланіяльнай сістэмы, іншых.

Па ініцыятыве БССР сесія Генеральнай Асамблеі ААН у 1973 годзе прыняла рэзалюцыю аб выкарыстанні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў інтарэсах міру і сацыяльнага развіцця. На аснове гэтай прапановы беларускай дэлегацыяй у далейшым былі распрацаваны адпаведныя дэкларацыя і рэзалюцыі ААН, якія датычацца забароны на распрацоўку і вытворчасць новых відаў зброі масавага паражэння.

Удзел Савецкай Беларусі ў рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый меў вялікае гістарычнае значэнне і адпавядаў нацыянальным інтарэсам беларускага народа.

Подпіс БССР пад Статутам ААН сведчыў, што сусветная супольнасць прызнавала яе ў якасці суверэннай дзяржавы. Рэспубліка атрымлівала права выбірацца ў галоўныя органы ААН, у тым ліку ў Савет Бяспекі, мела магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні ўсіх сусветных праблем, выказваць сваю пазіцыю ў ААН, выносіць на разгляд свае прапановы і заўвагі.

Гэта пацвярджае значнасць Савецкай Беларусі на сусветнай арэне, яе ўплыў на міжнародныя працэсы і набыццё шматгадовага палітычнага вопыту, які стаў надзейнай асновай для далейшага станаўлення нашай краіны ўжо ў якасці самастойнай незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.

Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga